Святы Айцец нагадаў Ватыканскаму тэлецэнтру пра яго місію
Папа Францішак прывітаў
удзельнікаў канферэнцыі, прысвечанай 30-годдзю Ватыканскага тэлевізійнага цэнтра.
Яе ўдзельнікі сабраліся 18 кастрычніка 2013 г. у Рыме, каб паразмаўляць аб дасягненнях
установы і пазнаёміцца з яе перспектывамі. Звяртаючыся да іх, Папа падкрэсліў, што
праца тэлецэнтра – гэта, у першую чаргу, служэнне Евангеллю і Касцёлу. Таму “неабходна
захоўваць евангельскую перспектыву на гэтага кшталту “глабальнай аўтастрадзе камунікацыі”
і заўсёды ўсведамляць накірунак, які Ян Павел ІІ хацеў надаць Ватыканскаму тэлецэнтру.
Святы Айцец нагадаў, што цэнтр быў створаны, каб “спрыяць больш эфектыўнай дзейнасці
Касцёла ў сацыяльнай камунікацыі”, даць новыя прылады для здзяйснення ў свеце місіі
Касцёла. “Не забывайцеся, што ваша служэнне – касцёльнае, частка евангелізацыйнай
місіі Касцёла”, - падкрэсліў Папа.
Францішак адзначыў, што падзеі Ватыканскі
тэлецэнтр павінен прадстаўляць праз “прызму” Касцёла, а не духа гэтага свету. Паводле
Папы, апавядаць пра падзеі, звязаныя з Касцёлам складана, бо ён з’яўляецца “знакам
блізкай сувязі з Богам”, Целам Хрыста, Народам Божым, Святыняй Духа Святога. “Гэта
патрабуе асаблівай адказнасці, моцнай здольнасці чытаць рэальнасць у духоўным ключы”,
- сказаў ён і дадаў, што “касцёльныя падзеі маюць асаблівую рысу: яны не адпавядаюць
свецкім катэгорыям, таму іх складана інтэпрэтаваць і прапанаваць шырокай і разнастайнай
публіцы.
На думку Святога Айца, дзейнасць Ватыканскага тэлецэнтра не з’яўляецца
выключна “дакументальнай” ці “нейтральнай”, але заключаецца ў спрыянні набліжэнню
Касцёла да свету – дапамагаючы слову Папы дасягнуць міліёнаў католікаў ва ўсім свеце,
“таксама і там, дзе вызнанне веры – гэта мужны выбар”. Францішак падкрэсліў, што Касцёл
прысутнічае ў сферы камунікацыі, перш за ўсё, для таго, каб весці людзей на сустрэчу
з Богам, бо толькі яна “можа перамяніць сэрцы і гісторыю чалавека”.
Францішак
павіншаваў працаўнікоў Ватыканскага тэлецэнтра з 30-годдзем установы і даверыў іх
апецы св. Клары – апякункі тэлебачання.