2013-10-18 10:44:55

Пантыфік за пакорную і радасную евангелізацыю


RealAudioMP3 Святы Айцец лічыць, што дзяліцца Евангеллем трэба з “пакорай і радасцю”. Ён звярнуўся з відэа-пасланнем да ўдзельнікаў буйной канферэнцыі на тэму новай евангелізацыі, якая праходзіць у гэтыя дні ў філіпінскай Маніле. Пантыфік выказаў спадзяванне, што форум дапаможа азіяцкім католікам нанова дасведчыць “поўную любові прысутнасць Езуса”, якая дапаможа дзяліцца Добрай Навінай з усімі людзьмі. “Не стамляйцеся несці міласэрнасць Айца да бедных, хворых, пакінутых, маладых людзей і сем’яў. Дапамажыце пазнаць Хрыста свету палітыкі, бізнесу, мастацтва, навукі, тэхналогій і сацыяльных медыя”, - заклікаў 5 тыс. удзельнікаў форуму папа Францішак. Ён пажадаў, каб Святы Дух “аднавіў Стварэнне” і “прынёс справядлівасць і мір на Філіпіны і на вялікі азіяцкі кантынент”, які Папа назваў “блізкім свайму сэрцу”. Ён папрасіў сабраных у Маніле маліцца за яго і сам паабяцаў малітву праз заступніцтва Найсвяцейшай Панны Марыі, Зоркі новай евангелізацыі.

Манільскі форум праходзіць ва Універсітэце св. Тамаша. Яго арганізавала мясцовая архідыяцэзія на завяршэння Года веры. Некалькі тысяч удзельнікаў размаўляюць пра “досвед Бога” у кантэксце выклікаў новага тысячагоддзя, умацаванне сувязяў і зносін католікаў на азіяцкім кантыненце. На канферэнцыю прыбылі дэлегаты з Тайваню, В’етнаму, Брунеі, Малайзіі, Тайланду і М’янмы. Кульмінацыяй форуму стане св. Імша, якую ўзначаліць Апостальскі нунцый на Філіпінах, арцыбіскуп Джузэпэ Пінта.







All the contents on this site are copyrighted ©.