2013-10-17 12:58:40

Папа: калі хрысціянін не моліцца, становіцца маралізатарам і вучнем ідэалогіі


RealAudioMP3 Калі хрысціянін перастае маліцца, гэта азначае, што ён згубіў веру і ўпаў у ідэалогію і маралізатарства. Такога меркавання прытрымліваецца Папа Францішак. Падчас ранішняй Эўхарыстыі ў ватыканскім Доме св. Марты 17 кастрычніка, ён разважаў над словамі Хрыста: “Гора вам, кніжнікам, таму што забралі ключы пазнання”. Святы Айцец лічыць “дзіўнай” сітуацыю, калі “праходзячы ўздоўж вуліцы, бачыш зачынены касцёл”. Для гэтага заўсёды знаходзяцца розныя прычыны, але рэальнасць застаецца такой: касцёл закрыты, і людзі, які праходзяць, не могуць у яго патрапіць. Паводле Папы, зачыняючы храм, мы замыкаем Хрыста перад людзьмі. Францішак падкрэсліў, што гэтыя словы Езуса паказваюць таксама на хрысціян, што не даюць сведчанне веры, “якія маюць ключы ў кішэні”, але не адкрываюць дзьвярэй. Паводле Папы, яшчэ горш, калі імі становяцца святары, біскупы ці Папа.

На думку Святога Айца, гэта адбывацца калі ў чалавека вера знікае і пераўтвараецца ў ідэалогію. “У ідэалогіях няма Езуса: яго пяшчотнасці, любові, пакоры. Ідэалогіі заўсёды строгія. (…) І калі хрысціянін становіцца вучнем ідэалогіі, гэта значыць ён згубіў веру: больш не з’яўляецца вучнем Езуса, становіцца вучнем такога спосабу мыслення. Таму Езус кажа такім: “Вы забралі ключы пазнання”, - сказаў Папа.

Паводле Святога Айца, калі вера становіцца ідэалогіяй, яна пужае людзей, праганяе іх і аддаляе ад Касцёла. “Ідэалагізаваныя хрысціяне – гэта цяжкая хвароба,”, - сказаў ён і падкрэсліў, што яе прычына перш за ўсё ў адсутнасці малітвы. “Калі няма малітвы, ты заўсёды зачыняеш дзверы”, - сказаў Пантыфік.

Святы Айцец патлумачыў, што калі чалавек не моліцца, яго сведчанне становіцца высакамерным. Ён становіцца чалавекам ганарыстым, упэўненым толькі ў сабе, непакорным і шукаючым ўласнага ўзвышэння. “Я кажу маліцца, а не чытаць малітвы, таму што кніжнікі чыталі шмат малітваў”, - сказаў Францішак і нагадаў заклік Хрыста, маліцца не навідавоку, а “закрыўшыся ў пакоі”.

Святы Айцец заклікаў прасіць Бога аб двух ласках: не перастаць маліцца і, такім чынам, не страціць веру, і не губляць пакоры, каб не закрыць шлях Пану.








All the contents on this site are copyrighted ©.