2013-10-16 10:54:53

Закрываючыся ў сабе, Касцёл здраджвае сваёй тоеснасці


RealAudioMP3 Касцёл з’яўляецца апостальскім, таму што заснаваны на прапаведванні апосталаў, захоўвае і перадае іх навучанне і пакліканы несці Евангелле на ўвесь свет. Папа Францішак лічыць, што, называючы Каталіцкі Касцёл апостальскім, падкрэсліваецца глыбокая сувязь, якую ён мае “з гэтай маленькай групай дванаццаці, якіх Езус аднойчы паклікаў да сябе” і адправіў абвяшчаць Добрую навіну. “Апостал” – гэта грэцкае слова, якое азначае “пасланы”, і апосталы былі абраныя Езусам, каб працягваць Яго справу. На гэтыя аспекты звярнуў увагу папа Францішак у сваёй катэхезе падчас агульнай аўдыенцыі на плошчы св. Пятра 16 кастрычніка 2013 г. У ёй прынялі ўдзел каля 80 тыс. чалавек з розных краін і кантынентнаў. Яны напоўнілі плошчу св. Пятра, яшчэ за некалькі гадзін перад пачаткам мерапрыемства. Звяртаючыся да сабраных, Папа прапанаваў паразважаць над трыма значэннямі паняцця “апостальскі” у адносінах да Касцёла.

Святы Айцец падкрэсліў, што “Касцёл з’яўляецца апостальскім, бо заснаваны на прапаведванні апосталаў, на ўладзе, якая ім была дадзена самім Хрыстом”. “Апосталы жылі з Езусам, слухалі Яго словы, раздзялялі з ім сваё жыццё, асабліва былі сведкамі яго смерці і ўваскрасення. Наша вера, Касцёл, які Хрыстус пажадаў стварыць, не грунтуецца на ідэі, на філасофіі, але на самім Хрысце. І Касцёл, як расліна, узрастаў на працягу стагоддзяў, развіўся, прынёс плёны, але яго карані заўсёды трываюць ў Ім, і фундаментальны досвед Хрыста, які мелі апосталы, абраныя і пасланыя Езусам, сягае аж да нас”, - сказаў Папа.

Іншае значэнне паняцця “апостальскі” звязана з заданнем Касцёла “захоўваць і перадаваць з дапамогай Святога Духа, які жыве ў Ім, навучанне, святы заклад, разумныя словы, пачутыя апосталамі”.

“Касцёл на працягу стагоддзяў захоўвае гэты каштоўны скарб, якім з’яўляецца Святое Пісанне, навучанне, сакрамэнты, пастырскае служэнне, дзякуючы чаму мы можам быць вернымі Хрысту і ўдзельнічаць у Яго жыцці. Гэта, як рака, якая цячэ ў гісторыі, развіваецца, арашае, але яе вада заўсёды паходзіць з крыніцы, а крыніцай з’яўляецца сам Хрыстус: Ён Уваскрослы, Жывы, а Яго словы не мінаюць”, - адзначыў Пантыфік.

Папа заклікаў кожнага верніка спытаць сябе: ці мы думаем хаця б часам наколькі важны гэта дар? Ці думаем пра тое, што менавіта Касцёл на працягу стагоддзяў, нягледзячы на цяжкасці, праблемы, слабасці, нашы грахі, перадае нам сапраўднае пасланне Хрыста? Ці мы верым у тое, што наша вера сапраўды была перададзена Хрыстом?

Францішак адзначыў, што Касцёл пакліканы несці Евангелле на ўвесь свет – і ў гэтым заключаецца трэцяе значэнне паняцця “апостальскі”. “Ён працягвае на шляху гісторыі місію, якую Езус даверыў апосталам, кажучы: “Ідзіце і навучайце ўсе народы, і хрысціце іх у імя Айца і Сына, і Духа Святога. Вучыце іх захоўваць усё, што Я загадаў вам. І вось Я з вамі ва ўсе дні аж да сканчэння веку”(...) Я настойваю на гэтым місійным аспекце, таму што Хрыстус кліча ўсіх “ісці” насустрач іншым, Ён нас запрашае, просіць рухацца, каб несці радасць Евангелля! Яшчэ раз спытаем сябе: ці з’яўляемся місіянерамі праз нашы словы і асабліва праз наша хрысціянскае жыццё?”, - заклікаў Пантыфік.

Паводле Святога Айца, Касцёл, які закрываецца ў самім сабе і ў сваім мінулым, здраджвае сваёй тоеснасці. Ён заклікаў адкрыць усю прыгажосць і адказнасць быцця апостальскім Касцёлам.

На заканчэнне Папа асаблівым чынам прывітаў прысутных на агульнай аўдыенцыі прадстаўнікоў пасольстваў розных краін пры Апостальскай Сталіцы і падзякаваў ім за “каштоўную працу”, якую яны здзяйсняюць.








All the contents on this site are copyrighted ©.