2013-10-16 15:32:57

Ватыканская прэм’ера фільма пра маладосць Яна Паўла ІІ


RealAudioMP3 З нагоды 35-й гадавіны абрання на пасад св. Пятра арцыбіскупа Кракаўскага Караля Вайтылы, якая адзначаецца 16 кастрычніка 2013 г., у Ватыкане адбудзецца прэзентацыя фільма пра першы святарскі досвед будучага папы Яна Паўла ІІ. “Вікарый. Ксёндз Караль Вайтыла ў Негавіці” – так называецца мастацкая стужка, знятая кс. прэлатам Яраславам Цялецкім, кіраўніком і заснавальнікам Ватыканскага інфармацыйнага сервіса. Фільм апавядае пра малавядомы перыяд жыцця Караля Вайтылы – 1948-1949 гг., калі ён, пасля вучобы ў Рыме, на працягу аднаго года працаваў вікарыем ў Негавіці, недалёка ад Кракава. Дарэчы, з яе і паходзіць рэжысёр стужкі кс. Цялецкі.

Каб аддаць асаблівую пашану Яну Паўлу ІІ, святар здымаў фільм на ўласныя сродкі. Асновай для сцэнарыя паслужылі ўспаміны 83-гадовай Элеаноры Мардаш, якая дапамагала маладому Каралю Вайтыле па гаспадарцы. Яшчэ некалькі гадоў таму кс. Цялецкі напісаў кнігу на падставе яе успамінаў, а цяпер зняў і фільм. У ім было задзейнічана каля 100 чалавека. Сярод акцёраў – як прафесійныя, так і простыя людзі.

Паводле рэжысёра, фільм дапаможа лепш пазнаёміцца з чалавекам, які хутка будзе абвешчаны святым – яго думкамі, стылем жыцця, а таксама вясёлымі сітуацыямі, якія часта здараліся з Каралем Вайтылам. Святар адзначыў, што ў фільме будучага Папу можна ўбачыць за выкананнем не зусім звыклых спраў – напрыклад, за лоўлей кур, якія ўцяклі ад незнаёмай яму сялянкі, на адной чыгуначнай станцыі каля Кракава.

Ватыканская прэм’ера фільма адбудзецца 17 кастрычніка 2013 г., у Польшчы ён будзе ўпершыню паказаны 4 лістапада.








All the contents on this site are copyrighted ©.