Святы Айцец: трэба быць канкрэтнымі хрысціянамі, а не пафарбаванымі
13 кастрычніка ў іспанскай
Тарагоне адбылася беатыфікацыя 522 мучанікаў – ахвяраў рэлігійнага пераследу ў гэтай
краіне, падчас грамадзянскай вайны ў 30-х гадах мінулага стагоддзя. Літургію, ад
імя Пантыфіка ўзначаліў кардынал Анджэла Амата, прэфект Кангрэгацыі па справах Кананізацыі.
На цырымоніі было прысутных больш за 120 біскупаў і кардыналаў, каля1.3 тыс. святароў
і больш за 40 тыс. вернікаў. У інтэрв’ю Ватыканскаму радыё кардынал Амата адзначыў,
што гэтыя пакутнікі за веру былі няўзброенымі прарокамі Божай міласэрнасці. Сярод
іх знаходзіцца 88 дыяцэзіяльных святароў, у тым трох біскупаў, шматлікія семінарысты,
законнікі і законніцы, маладыя і пажылыя асобы, бацькі сем’яў. “Яны ўсе нявінныя
ахвяры, якія зазналі зняволенне, катаванні, несправядлівыя працэсы, неапісаныя знявагі
і прыніжэнні”, - сказаў іерарх.
“Гэтыя браты і сёстры не былі ваеннаслужачымі,
не мелі зброі, не былі на фронце, не падтрымлівалі ніякай палітычнай партыі, не былі
правакатарамі. (..) Яны загінулі з-за нянавісці да веры, толькі таму што былі католікамі
(...) верылі ў Бога, таму што для іх Езус быў адзінай каштоўнасцю, больш вартай чым
іх уласнае жыццё”, - сказаў прадстаўнік Апостальскай Сталіцы.
Папа Францішак
скіраваў відэапасланне да ўдзельнікаў беатыфікацыйнай св. Імшы. Яно было прачытана
на пачатку Літругіі. У ім Святы Айцец адзначыў, што мучанікі гэта хрысціяне, якія
поўнасцю даверылі сябе Хрысту і добра зразумелі сэнс слоў “любіць да канца”, што прывяло
Езуса на Крыж. “Няма любові ў растэрміноўку, любові на порцыі. Любоў павінна быць
поўнай: калі любіцца, любіцца да канца”, - сказаў Папа. Паводле Пантыфіка Хрыстус
“апяраджае” нас у любові, і мучанікі наследавалі Яго аж да канца.
Папа нагадаў,
што святыя Айцы Касцёла заўсёды заклікалі: “браць прыклад з мучанікаў”. “Заўсёды трэба
трохі памерці, каб выйсці з самых сябе, са свайго эгаізму, дабрабыту, сваёй ляноты,
са сваіх хвароб і адкрыцца на Бога, на іншых, асабліва на найбольш патрабуючых”, -
адзначыў Францішак. У канцы ён заклікаў усіх прасіць заступніцтва ў мучанікаў, каб
стаць нам канкрэтнымі хрысціянамі, хрысціянамі учынкаў, а не на словах, каб мы не
былі пасрэднымі хрысціянамі, пафарбаванымі хрысціянствам, але без істоты. “Новыя благаслаўлёныя
не былі пафарбаванымі, але хрысціянамі аж да канца: папросім у іх дапамогі, каб атрымаць
нам моцную веру, каб таксама і ў цяжкасцях, мы былі закваскай надзеі і будаўнікамі
братэрства і салідарнасці”, - адзначыў Францішак.