2013-10-12 10:15:33

Фігурка Маці Божай Фацімскай прыбывае ў Ватыкан


RealAudioMP3 12 кастрычніка фігурка Маці Божай Фацімскай прыбудзе ў Рым. На пачатку, яна на некаторы час спыніцца ў капліцы кляштару “Mater Ecclesia” у якім жыве Бэнэдыкт XVI, а затым будзе перавезена ў Дом св. Марты, у якім пражывае папа Францішак. Вечарам, каля 16.00 па рымскім часе, на плошчы св. Пятра пачнецца ўрачыстая марыйная працэсія і малітва з удзелам Папы: несці статуэтку будуць прадстаўнікі марыйных рухаў у суправаджэнні салдат Швейцарскай гвардыі і ватыканскіх жандармаў. Затым яе перавязуць у санктуарый Божай любові, які знаходзіцца ў ваколіцах Рыма. Тут адбудзецца ружанцовая малітва да якой з дапамогай відэатрансляцыі змогуць далучыцца вернікі сабраныя ў іншых марыйных санктуарыях у розных краінах свету. Таксама з дапамогай відэапаслання ўдзельнікаў чування прывітае Папа. 13 кастрычніка фігурка Маці Божай Фацімскай вернецца на плошчу св. Пятра. Тут Францішак узначаліць св. Імшу і здзейсніць акт прысвячэння свету апецы Найсвяцейшай Панны Марыі.

Гэтыя мерапрыемствы адбудуцца ў рамках Марыйнага дня, арганізаванага з нагоды Года веры Папскай радай па новай евангелізацыі. Пра падрабязнасці яго святкавання расказаў арцыбіскуп Рына Фізікела, старшыня гэтай ватыканскай дыкастэрыі, падчас прэс-канферэнцыі ў Зале Друку Апостальскай Сталіцы 11 кастрычніка.

Між іншым іерарх адзначыў, што вечарам 13 кастрычніка, пасля завяршэння мерапрыемстваў у Ватыкане, фігурка Маці Божай Фацімскай вернецца ў Партугалію. Унікальнасць падзеі заключаецца ў тым, што апошні раз гэта статуэтка пакідала фацімскі санктуарый у юбілейны 2000 год, калі бл. Ян Павел ІІ даверыў свет Маці Божай.

Арцыбіскуп Фізікела адзначыў, што дата святкавання Марыйнага дня была выбрана не выпадкова: менавіта 13 кастрычніка 1917 г. Маці Божая апошні раз аб’явілася тром партугальскім пастухам у Фаціме. Тады яна, між іншым, заклікала вернікаў штодзённа маліцца на ружанцы. Гэты заклік, на думку старшыні ватыканскай дыкастэрыі, актуальны і сёння і пра яго на працягу апошніх месяцаў неаднойчы нагадваў папа Францішак.








All the contents on this site are copyrighted ©.