2013-10-12 12:42:07

Францішак: пытанне аб ролі жанчыны ў грамадстве і Касцёле блізкае майму сэрцу


RealAudioMP3 Роля жанчыны і мацярынства былі ў цэнтры прамовы Святога Айца да ўдзельнікаў семінара арганізаванага ў Ватыкане з нагоды ХХV гадавіны Апостальскага ліста бл. Яна Паўла ІІ “Mulieris dignitatem” – “гістарычнага дакумента, першага у Папскім навучанні, цалкам прысвечанага тэме жанчыны”. 12 кастрычніка 2013 г., звяртаючыся да сабраных у Клеменційскай Зале Апостальскага палацу, Францішак выказаў сваю ўдзячнасць за ўвагу да гэтай тэмы. Удзельнікі ватыканскага семінара галоўным чынам разважалі над фрагментам Апостальскага ліста ў якім гаворка ідзе пра тое, што Бог асаблівым чынам даверыў чалавека жанчыне. “Мне здаецца відавочным, што мой Папярэднік меў на ўвазе мацярынства”, - сказаў Папа. “Многія рэчы могуць змяняцца і змяніліся ў культурнай і сацыяльнай эвалюцыі, але фактам застаецца, што жанчына зачынае, носіць ва ўлонні і нараджае дзяцей чалавека. Гэта не толькі біялагічная дадзенасць, але яна нясе за сабой багацце наступстваў, як для самой жанчыны, спосабу яе існавання, так і для яе адносін, спосабу адносін да чалавечага жыцця і жыцця ўвогуле. Клікаючы жанчыну да мацярынства, Бог асаблівым чынам даверыў ёй чалавека”, - сказаў Францішак.

Аднак існуюць дзве супрацьлеглыя крайнасці, якія прыніжаюць жанчыну і яе пакліканне. Першая – гэта імкненне абмяжоўваць мацярынства толькі сацыяльнай роллю, заданнем, якое хоць і з’яўляецца шляхетным, але не раскрывае усяго патэнцыялу жанчын, “не ацэньвае яго ўпоўні ў будаванні супольнасці”. Паводле Папы, гэта тычыцца як грамадскай сферы, так і касцёльнай.

Іншай небяспекай, на думку Святога Айца, з’яўляецца эмансіпацыя – імкненне жанчыны займаць месца мужчыны, і дзеля гэтага адкідаць жаночасць і каштоўныя рысы, якія яе характарызуюць. “І тут я хачу падкрэсліць, што жанчына мае асаблівую чуллівасць да “Божых справаў”, перш за ўсё дапамагаючы нам у разуменні міласэрнасці, пяшчотнасці і любові, якую Бог мае да нас”, - сказаў Папа.

Францішак адзначыў, што Апостальскі ліст “Mulieris dignitatem” заклікае да глыбокага разважання на гэту тэму. Паводле яго, Касцёлу важна спытаць сябе: якое месца ў ім займае жанчына? Ці яна можа быць ацэнена яшчэ больш? “Гэта рэальнасць блізкая майму сэрцу і таму я хацеў сустрэцца з вамі і благаславіць вашу працу”, - сказаў Святы Айцец.








All the contents on this site are copyrighted ©.