2013-10-12 11:24:04

Беларускія пілігрымы на святкаванні Марыйнага дня ў Рыме


RealAudioMP3 Сярод 150 тыс. удзельнікаў Марыйнага дня, які 12-13 кастрычніка праходзіць у Ватыкане ёсць невялікая група вернікаў з Беларусі – члены супольнасці “Каштоўная перліна” руху “Святло-жыццё” з мінскай парафіі св. Сымона і св. Алены. Яны прыбылі ў Вечны горад яшчэ 8 кастрычніка і праводзяць гэтыя дні паглыбляючы сваю веру, разважаючы над Божым словам і духоўнасцю Панны Марыі, слухаючы Папу і наведваючы рымскія святыні. 9 кастрычніка беларускія пілігрымы прынялі ўдзел у агульнай аўдыенцыі са Святым Айцом, якая прайшла на плошчы св. Пятра.

Для Кандыдатавай Зоі гэта падзея стала момантам сапраўднай радасці ад сустрэчы з Рымскім Пантыфікам. Асабліва яе кранулі словы Папы аб патрэбе еднасці паміж хрысціянамі, а таксама заклік не закрывацца ва ўласных парафіях, выходзіць з касцёлаў і дзяліцца радасцю Евангелля. Менавіта аб гэтым прасіў Папа: “не заставацца аднаму, выходзіць з Касцёла і несці добрую вестку, узрастаць у веры і любіць Маці Божую”, - падзялілася беларуская верніца.

Для адной з удзельніц пілігрымкі, Ілоны Роўды, наведванне Вечнага горада мае таксама глыбокае духоўнае значэнне – менавіта з членамі супольнасці “Каштоўная перліна” яна паглябляе свае веды пра каталіцкую веру, рыхтуючыся да прыняцця сакрамэнту хросту. Пра сваё рашэнне глыбей пазнаёміцца з верай і прыняць хрост асэнсавана, яна падзялілася з Ватыканскім радыё: “Мае пачуцці мне падказалі, што таго, што ёсць у маім жыцці не дастаткова, што не хапае чагосьці, што магло б даць майму існаванню гармонію. Таму я пачала шукаць у сабе і ў сваіх пачуццях. Я вырашыла не следаваць модзе і ісці ў Касцёл ці Царкву таму што многія ідуць, але мне хацелася, каб гэта было сапраўдным, каб я не фальшывіла перад сабой”, - адзначыла яна.

Пілігрымка і рэкалекцыі беларускіх вернікаў у Рыме працягнуцца да 15 кастрычніка.








All the contents on this site are copyrighted ©.