Пантыфік да яўрэйскай супольнасці пра “дыялог жыцця”
Слова “шалом” прагучала
11 кастрычніка 2013 г. у Ватыкане. Святы Айцец прыняў дэлегацыю рымскіх яўрэяў, якія
адзначаюць у гэтыя дні 70-годдзе дэпартацыі з Вечнага горада. Францішак прызнаўся,
што як Біскуп Рыма “адчувае сябе асабліва блізкім да жыцця яўрэйскай супольнасці Вечнага
горада”. Яе гісторыя налічвае больш за дзве тысячы гадоў і таму можа быць названа
найстарэйшай у Заходняй Еўропе. Святы Айцец звярнуўся да сумнай даты, і адзначыў,
што “парадаксальна, але агульная трагедыя вайны навучыла нас ісці разам”. Праз некалькі
дзён католікі будуць узгадваць і маліцца за многіх нявінных ахвяр чалавечага варварства,
якім была дэпартацыя яўрэйскага насельніцтва з Рыма. Францішак нагадаў, што сумны
юбілей нагадвае таксама аб адкрытасці хрысціянскай супольнасці горада, якая ў годы
фашысцкага і нацысцкага панавання аказала падтрымку братам у бядзе.
“Мы ведаем,
наколькі шматлікія манаскія кангрэгацыі, кляштары і папскія базылікі, паводле волі
Папы, адкрылі свае дзверы для братэрскага прыёму, і колькі звычайных хрысціян прапанавала
сваю пасільную дапамогу”, - нагадаў Пантыфік і дадаў, што ім не перашкаджала тое,
што ў пераважнай большасці не ведалі “пра неабходнасць абнаўлення хрысціянскага разумення
юдаізму і, магчыма, увогуле вельмі мала ведалі пра жыццё яўрэйскай супольнасці”. “Яны
проста знайшлі ў сабе сілы зрабіць тое, што ў той час было правільным: абараніць свайго
брата, які быў у небяспецы”, - адзначыў Папа.
Пантыфік падкрэсліў, што важна,
калі існуе тэалагічны дыялог, але важна, калі ёсць “дыялог жыцця” і “паўсядзённага
досведу”. “Сапраўды, без гэтага, без рэальнай і канкрэтнай культуры сустрэча, што
прыводзіць да сапраўдных адносін, без забабонаў і падазрэньняў, у інтэлектуальнай
сферы мала што можна асягнуць”, - адзначыў Пантыфік.
Францішак паабяцаў, што
ён будзе намагацца ўносіць свой уклад у “блізкасць і сяброўства” паміж католікамі
і юдэямі. “Сярод многіх рэчаў, якія могуць аб’ядноўваць нас, ёсць сведчанне праўды
дзесяці запаведзяў, Дэкалогу, трывалай асновы і крыніцы жыцця для нашага грамадства,
настолькі дэзарыентаванага экстрэмальным плюралізмам выбару і арыентацыі і пазначанага
рэлятывізмам, які нясе з сабой адсутнасць цвёрдых і бяспечных пунктаў адліку”, - сказаў
Папа, цытуючы свайго папярэдніка Бэнэдыкта XVI.
На заканчэнне Святы Айцец падзякаваў
прадстаўнікам яўрэйскай супольнасці Рыма за іх візіт і выказаў надзею на “агульнае
падарожжа сяброўства і даверу”.