2013-10-10 11:29:34

Святы Айцец: Бог не дасылае ласку па пошце, але прыносіць яе сам


RealAudioMP3 У малітве мы павінны быць адважнымі і разумець, што сапраўдная ласка, якая нам даецца – гэта сам Бог, лічыць папа Францішак. Падчас Эўхарыстыі ў Доме св. Марты 10 кастрычніка 2013 г. Пантыфік заклікаў вернікаў паразважаць над сваёй малітвай. “Як мы молімся? Ці робім гэта па-звычцы, пабожна, але спакойна, або з адвагай становімся перад Панам, каб прасіць аб ласцы і аб тым, у чым маем патрэбу?”, - спытаў Папа. Паводле Святога Айца, малітва без адвагі – несапраўдная. І таму важна мець давер да Пана, быць упэўненым, што ён выслухае і адкрые дзверы, у якія стукаем. “Пан кажа пра гэта: “хто просіць – атрымлівае; і хто шукае – знаходзіць; і хто стукае – таму адчыняць”. Але трэба прасіць, шукаць і стукаць”, - падкрэсліў Францішак. “Калі мы молімся адважна, Пан дае нам ласку, але таксама дае самаго сябе ў ласцы: Святога Духа – гэта значыць самаго сябе! Пан ніколі не дае і не дасылае ласку па пошце: ніколі! Яе прыносіць Ён! Ён – гэта ласка! Тое, аб чым мы просім, гэта нібыта “папера”, у якую загорнута ласка. (...) У нашай малітве, калі яна адважная, атрымліваем тое, аб чым просім, але таксама і таго, хто самы важны – Пана”, - сказаў Францішак.

Папа нагадаў, што ў Евангеллях “некаторыя атрымліваюць ласку і знікаюць”: з дзесяці аздароўленых пракажоных да Езуса вярнуўся толькі адзін, каб падзякаваць Яму. На думку Святога Айца, трэба маліцца “з адвагай веры”, маліцца, просячы аб прысутнасці самаго Бога. “Мы просім аб ласцы, але не кажам: “Прыйдзі Ты, каб прынесці яе”. Трэба ведаць, што ласку, заўсёды прыносіць Ён: Ён прыходзіць і дае яе”, - сказаў Францішак.

Пантыфік заклікаў не трапляць у сітуацыю, калі, прымаючы ласку, мы не распазнаём таго, хто яе прыносіць. Трэба хваліць Бога, таму што ў ласцы знаходзім Яго самаго, лічыць Папа.








All the contents on this site are copyrighted ©.