2013-10-09 10:50:13

Францішак: Касцёл – як аркестр, у якім розныя інструменты ствараюць гармонію


RealAudioMP3 Касцёл з’яўляецца каталіцкім, таму што ў ім абвяшчаецца поўня веры, яго пасланне тычыцца ўсіх без выключэння, і, таму што яго кампаненты здольныя не ўваходзіць у канфлікт, а ўтвараць гармонію, на падабенства той, якая існуе ў аркестры. На гэтыя тры аспекты звярнуў увагу папа Францішак падчас агульнай аўдыенцыі на плошчы св. Пятра 9 кастрычніка 2013 г. Сваю катэхезу ён прысвяціў разважанню над “каталіцкасцю” Касцёла. Пантыфік адзначыў, што само слова “каталіцкі” паходзіць ад грэцкага “kath’olòn”, што азначае поўню. Паводле Папы, ужываючы гэта слова ў адносінах да Касцёла, падкрэсліваюцца яго тры фундаментальныя рысы. Па-першае, Касцёл з’яўляецца каталіцкім, таму што ўяўляе сабой прастору, дом, у якім абвяшчаецца поўня веры. “У Касцёле кожны з нас знойдзе ўсё неабходнае, каб верыць, каб жыць па-хрысціянску, каб станавіцца святым, каб крочыць у кожным месцы і ў кожнай эпосе”.

Папа параўнаў Касцёл з сям’ёй, у якой кожны атрымлівае ўсё неабходнае для росту, сталення, жыцця. “Нельга ўзрастаць у адзіноце, нельга крочыць у адзіноце, ізалюючыся”, - сказаў Францішак. Ён падкрэсліў, што менавіта ў Касцёле слухаем Божае Словае з перакананнем, што гэта пасланне дадзена Богам; у Касцёле сустракаем Пана ў сакрамэнтах, у Касцёле вучымся жыць супольнасцю, любоўю, якая паходзіць ад Бога. Францішак заклікаў вернікаў спытаць сябе: як жыву ў Касцёле? Ці прымаю ўсе дары, якія ён мне дае для росту і сталення?

Другім аспектам каталіцкасці Касцёла з’яўляецца яго паўсюднасць – ён раскінуты па ўсім свеце і абвяшчае Евангелле кожнаму чалавеку. “Касцёл гэта не элітарная група, не тычыцца толькі некаторых (…) Адзінства Касцёла прысутнічае нават у самых малых яго частках. Кожны можа сказаць: у маёй парафіі прысутны Каталіцкі Касцёл, таму што і яна з’яўляецца часткай Паўсюднага Касцёла, таксама і яна мае поўню дароў Хрыста, веры, сакрамэнтаў, служэння; яна ў камуніі з біскупам, з Папам, і адкрыта на ўсіх без выключэння”, - сказаў Святы Айцец.

Францішак заклікаў вернікаў адчуваць сябе ў адзінстве з усімі каталіцкімі супольнасцямі ў свеце, малымі і вялікімі, а таксама памятаць, што ўсе супольнасці маюць місію – “мы ўсе павінны адкрыць нашы дзверы і выйсці для абвяшчэння Евангелля”.

Трэццяя прычына, па якой Касцёл з’яўляецца каталіцкім – гэта яго адкрытасць на адметнасці. “Касцёл каталіцкі, таму што з’яўляецца “Домам гармоніі”, у якім адзінтва і адметнасці здольныя злучыцца, каб быць багаццем”, - сказаў Папа. Ён параўнаў Касцёл з сімфоніяй: яна ўтвараецца супольным гучаннем розных інструментаў пад кіраўніцтвам аднаго дырыжора. У сімфоніі не выключаецца гучанне ніводнага з інструментаў, не адмаўляюцца асаблівасці кожнага з іх, наадварот – гэта максімальна цэніцца.

“Гэта цудоўны вобраз, які кажа нам, што Касцёл – як вялікі аркестр, у якім існуюць разнастайнасці. (…) Паміж яго кампанентамі ёсць адментасці, але яны не ўваходзяць у канфлікт, не супрацьстаяць. Гэта разнастайнасць, якая пераўтвараецца ў гармонію ад Святога Духа. Гэта Ён сапраўдны “Маэстра”, і Ён сам – Гармонія. (...) І тут спытаем сябе: ці ў нашых супольнасцях мы жывём гармоніяй? Ці прымаем іншых, прымаем іх, прызнаючы іх адметнасць, (...) або спрабуем уніфікаваць. Уніфікацыя забівае жыццё (...) Папросім Святога Духа, які з’яўляецца аўтарам разнастайнасці і гармоніі, каб рабіў нас усё больш “каталіцкімі”!”, - заклікаў Папа.

На заканчэнне аўдыенцыі, звяртаючыся да пілігрымаў з арабскіх краін, Францішак нагадаў, што амаль год таму, 10 кастрычніка 2012 г., Бэнэдыкт XVI, падчас падарожжа ў Ліван, перадаў біскупам Апостальскую адгартацыю “Касцёл на Блізкім Усходзе: камунія і сведчанне”, і зрабіў арабскую мову адной з моваў агульнай аўдыенцыі, каб выказаць блізаць да хрысціян блізкаўсходняга рэгіёна. У сувязі з гэтым Папа заклікаў вернікаў маліцца аб міры ў Сірыі, Егіпце, Ліване і Святой Зямлі.








All the contents on this site are copyrighted ©.