2013-10-09 12:42:35

Новы ватыканскі “фінансавы закон”


RealAudioMP3 8 кастрычнік 2013 г. Папская камісія для Дзяржавы Ватыкан ухваліла новы закон пад нумарам XVIII. Ён устанаўлівае нормы ў сферы празрыстасці, кантролю і фінансавай інфармацыі. Закон № XVIII – гэта вельмі падрабязны і грунтоўны тэкст, першая частка якога прысвечана мерам па барацьбе з адмываннем грошай і фінансаваннем тэрарызму. У ёй, між іншым, прапісаны абавязак праверкі фінансавых контрагентаў паводле крытэрыяў краіны іх паходжання і тыпу аперацый. Таксама ўсталёўваецца дысцыпліна міжнародных пераводаў фондам.

Асаблівая ўвага надаецца абавязку адказных асоб і органаў паведамляць аб падазронай дзейнасці Бюро фінансавай інфармацыі, якое ў сваю чаргу мае права не толькі аналізаваць такія паведамленні, але і праводзіць адпаведнае расследаванне. Калі ўзнікае абгрунтаваная прычына для падазрэння ў адмыванні грошай ці фінансаванні тэрарызму, Бюро фінансавай інфармацыі адпраўляе падрабязны даклад Прамотэру справядлівасці, а таксама мае магчымасць прыпыніць здзелкі і падазроныя аперацыі на тэрмін да пяці рабочых дзён.

Новы закон уводзіць таксама механізмы нагляду за дзейнасцю арганізацый, якія ажыццяўляюць прафесійную дзейнасць фінансавага характару. Гаворка ідзе перш за ўсё аб тых, хто ажыццяўляе фінансавую дзейнасць у выглядзе атрымання або абмену таварамі ці паслугамі ад імя і па даручэнні трэціх асоб.

Закон устанаўлівае меры супраць тых, хто пагражае міжнароднаму міру і бяспецы. Прадпісваецца стварэнне адпаведнага спісу такіх асоб. У дачыненні да іх аўтаматычна ўжываецца забарона на прадастаўленне тавараў, паслуг і фінансавых сродкаў. Меры могуць быць прыняты таксама ў адносiнах да асоб, якія не ўнесены ў спіс, але ёсць падставы меркаваць, што яны ствараюць пагрозу міру і міжнароднай бяспецы.

Іншыя палажэнні рэгулююць трансгранічнае перамяшчэння наяўных сродкаў. Уносіць на тэрыторыю Ватыкана і выносіць з яе дазваляецца суму, якая не перавышае 10 тыс. еўра.

Чарговыя нормы, якія рэгулююць міханізмы фінансавай бяспекі, дэманструюць імкненне Святога Пасаду далучыцца да дасягненняў міжнароднай супольнасці ў гэтай сферы, заявіў арцыбіскуп Дамінік Мамбэрці, сакратар па адносінах з дзяржавамі Апостальскай Сталіцы.







All the contents on this site are copyrighted ©.