2013-10-08 10:51:47

Пантыфік пачаў другі “раўнд” сустрэч з кіраўніцтвам Рымскай курыі


RealAudioMP3 Папа Францішак пачаў другі “раўнд” кансультацый з кіраўнікамі дыкастэрый Рымскай курыі. 7 кастрычніка 2013 г. ён прыняў прэфекта Кангрэгацыі Каталіцкай Адукацыі, кардынала Зянона Грахалеўскага. Пасля ўступлення на Пасад св. Пятра Святы Айцец паслядоўна сустрэўся з кіраўнікамі ўсіх дыкастэрый і правёў з імі індывідуальныя размовы, каб атрымаць агульнае ўяўленне аб іх дзейнасці. Гэтыя кансультацыі ён працягне ў бліжэйшыя месяцы. На мінулым тыдні Святы Айцец сустрэўся з прэфектам Кангрэгацыі Евангелізацыі Народаў, кардыналам Фернанда Філоні. Рэгулярныя штотыднёвыя аўдыенцыі з Папам маюць прэфект Кангрэгацыі Веравучэння, арцыбіскуп Герхард Людвіг Мюлер, і прэфект Кангрэгацыі па справах Біскупаў, кардынал Марк Уэлле.

Паходзячы з Польшчы, кардынал Грахалеўскі кіруе Кангрэгацыяй Каталіцкай Адукацыі з 1999 г. і мае сярод кіраўнікоў ватыканскіх дыкастэрый найбольшы стаж. З пачатку новага пантыфікату, з сярэдзіны сакавіка, ён займае гэту пасаду “часова”. Як і большасць яго калег, ён яшчэ не быў канчаткова зацверджаны папам Францішкам на ёй.

Трэба адзначыць, што гэта звычайныя працэдуры падчас змены Пантыфіка. Зацвярджэнне атрымалі пакуль толькі вышэйузгаданы кардынал Філоні і арцыбіскуп Мюлер. Кардыналу Станіславу Рылцы, старшыні Папскай рады па справах свецкіх, і кардыналу Пітэру Тарксану, старшныні Папскай рады “Iustitia et Pax” Францішак даручыў выконваць свае абавязкі да канца бягучага пяцігадовага тэрміну, на які былі вызначаны паўнамоцтвы членаў і кансультантаў гэтых дыкастэрый. Для Папскай рады па справах свецкіх ён заканчваецца ўжо 31 снежня 2013 г.

З адстаўкай Бэнэдыкта XVI 28 лютага 2013 г. кіраўнікі дыкастэрый Рымскай курыі аўтаматычна страцілі свае пасады. Адразу пасля свайго абрання папа Францішак пацвердзіў паўнамоцтвы ўсіх іерархаў, але гэта носіць часовы характар.







All the contents on this site are copyrighted ©.