2013-10-07 11:26:01

Францішак накіраваў свайго прадстаўніка да афрыканскіх эмігрантаў


RealAudioMP3 Папа Францішак накіраваў Апостальскага элемазінарыя, арцыбіскупа Конрада Краеўскага, на італьянскі востраў Лампедуза, каб выказаць сваю салідарнасць з ахвярамі нядаўняга караблекрушэння, і праз свайго прадстаўніка аказаць ім неабходную дапамогу. 3 кастрычніка каля берагоў вострава загінулі больш за 100 выхадцаў з Афрыкі, якія спрабавалі патрапіць у Італію праз Міжземнае мора. Арцыбіскуп Краеўскі прыбыў на Лампедузу разам з арцыбіскупам Франчэска Монтэнэгра з Сіцыліі. Яны сустрэліся з мясцовым пробашчам і памаліліся над целамі загінуўшых эмігрантаў. На працягу мінулага тыдня папа Францішак некалькі разоў звяртаў увагу на недапушчальнасць паўтарэння падобных трагедый. Праз некалькі гадзін пасля караблекрушэння, калі ўжо стала вядома прыблізная колькасць загінуўшых, ён сказаў: “Мне прыходзіць на розум слова сорам. Гэта сорам!”. Пантыфік заклікаў “аб’яднасць сілы, каб не дапусціць паўтарэння падобных трагедый”. Падчас візіту ў Асізі, 4 кастрычніка, Францішак нагадаў, што свет “не хвалюе, існаванне людзей, якія павінны уцякаць ад рабства, голаду, шукаючы свабоды”.

6 кастрычніка, падчас малітвы “Анёл Панскі” на плошчы св. Пятра, Папа заклікаў да малітвы за ахвяраў трагедыі. “Я хачу нагадаць вам аб людзях, якія згубілі жыццё каля Лампедузы ў мінулы чацвер. Памолімся ў цішыні за гэтых нашых братоў і сясцёр: жанчын, мужчын і дзяцей! Дазволім нашым сэрцам плакаць. Памолімся моўчкі”, - сказаў у той час Францішак.

Прысутнасць на востраве Апостальскага элемазінарыя, асобу, якая ад імя Папы апякуецца патрабуючымі, сведчыць аб тым, што заклікі Святога Айца не застаюцца на ўзроўні слоў, яны набываюць форму канкрэтных дзеянняў на карысць пакутуючых і патрабуючых дапамогі.

Па словах арцыбіскупа Краеўскага, калі Святы Айцец размаўляў з ім пра заданні элемазінарыя, сказаў: “Ты не будзеш біскупам, які сядзіць за сталом, і я не жадаю цябе бачыць за маімі плячыма падчас цэлебрацый. Я хачу цябе бачыць сярод людзей. Ты павінен быць працягам маёй рукі, каб несці пяшчоту бедным, патрабуючым, пакорным”. Пантыфік прызнаўся ў размове з польскім іерархам, што ў Буэнас-Айрэсе часта выходзіў па вечарах наведваць бедных. “Зараз больш не магу: для мяне цяжка выходзіць з Ватыкана. - сказаў элемазінарыю Францішак - Таму ты зробіш гэта за мяне – будзеш працягам майго сэрца, якое іх дасягне і прынясе ўсмешку і міласэрнасць нябеснага Айца”.








All the contents on this site are copyrighted ©.