2013-10-06 13:05:21

Папа перад “Анёл Панскі”: наша вера малая, але сапраўдная і шчырая (поўны тэкст)


RealAudioMP3 Значэнню веры ў жыцці кожнага хрысціяніна прысвяціў сваё разважанне перад малітвай “Анёл Панскі” Святы Айцец 6 кастрычніка 2013 г. Ён звярнуў увагу сабраных на плошчы св. Пятра на прыклад людзей “простых і сціплых”, якія часта з’яўляюцца прыкладам веры для ўсяго Касцёла. Папа Францішак запрасіў вернікаў браць прыклад з місіянераў, якія шматразова на працягу гісторыі давалі сведчанне глыбокага прысвячэння Хрысту, крыніцай чаго была моц іх веры. Пантыфік звярнуў увагу, што гэта доля не абраных, а кожнага веруючага у Езуса, прычым сведчыць сваю веру трэба не ў некія адмысловыя моманты, а кожны дзень. Сіла веры, паводле Святога Айца, базуецца на малітве, без яе – дыялогу душы з Богам – не магчыма вытрываць выпрабаванні. Свае разважанні Францішак распачаў падзякай за свой візіт у Асізі. “Перш за ўсё я хачу падзякаваць Богу за той дзень, які я правёў у Асізі, пазаўчора. Трэба сказаць, што я ўпершыню адправіўся ў Асізі, і гэта быў вялікі падарунак – пілігрымка ў свята св. Францішка. Я дзякую жыхарам Асізі за цёплы прыём. Дзякуй вялікі! -сказаў Папа.

Сёння, Евангелле пачынаецца так: “Апосталы сказалі Пану: Дадай нам веры” (Лк 17, 5-6). Я думаю, што мы ўсе можам паўтарыць гэты заклік. Мы таксама, як і апосталы, звяртаемся да Пана Езуса: “Дадай нам веры. Так, Пане, наша вера малая, наша вера слабая, кволая, але Табе мы кажам усё як ёсць, таму што Ты дадасі нам яе. Ці робім мы гэта? Давайце скажам усе разам: Пане, дадай нам веры!

Што адкажа нам Пан? Ён кажа: “Калі б вы мелі веру з гарчычнае зерне, вы маглі б сказаць смакоўніцы гэтай: «вырвіся з карэннем і перасадзіся ў мора», — і яна б паслухалася вас”. (Лк 17, 6). Гарчычнае зерне вельмі маленькае, але Езус кажа, што дастаткова менавіта такой веры, малой, але сапраўднай, шчырай, каб рабіць штосьці, што па-чалавечы немагчыма, неймаверна. І гэта праўда! Мы ўсе ведаем людзей простых, сціплых, але з вельмі моцнай верай, якая сапраўды можа пераносіць горы! Падумаем аб многіх мамах і татах, якія сутыкаюцца з вельмі цяжкімі сітуацыямі, або аб некаторых хворых, у тым ліку вельмі сур’ёзна, якія дзеляцца спакоем з тымі, якіх сустракаюць. Гэтыя людзі, дзякуючы сваёй веры, не выхваляюцца, а, наадварот, робяць тое, аб чым просіць Езус у Евангеллі, яны кажуць: “Мы нікчэмныя слугі, бо зрабілі тое, што павінны былі зрабіць”. (Лк 17, 10). Колькі людзей сярод нас мае такую веру – моцную і сціплую, якая прыносіць так шмат добрага!

У гэтым кастрычніку, што асабліва прысвечаны місіям, мы думаем пра многіх місіянераў, якія для нясення Евангелля пераадолелі перашкоды рознага кшталту, сапраўды паклалі сваё жыццё; як піша апостал Павел да Цімафея: Не саромейся сведчання Пана нашага, ні мяне, Яго вязня, але вазьмі ўдзел у пакутах і супраціве, якія зношу для Евангелля, паводле Божай моцы” (2 Цім 1, 8). Гэта адносіцца да ўсіх нас: кожны з нас у сваім штодзённым жыцці можа сведчыць пра Хрыста, з Божай сілай, з сілай веры. Наша вера вельмі малая, але моцная, і з гэтай моцай трэба сведчыць пра Езуса Хрыста. У жыцці заставацца хрысціянамі, з нашым сведчаннем.

Адкуль чэрпаць гэту сілу? Ад Бога ў малітве. Малітва – гэта подых веры: у лучнасці з даверам, у лучнасці з любоўю, не без прысутнасці дыялогу, бо малітва – гэта дыялог душы з Богам.

Кастрычнік – гэта таксама месяц ружанца, і ў гэту першую нядзелю існуе традыцыя звяртацца з просьбай да Маці Божай з Пампей, Найсвяцейшай Панны Марыі Ружанцовай. Мы духоўна яднаемся ў гэтым акце даверу да нашай Маці і атрымліваем з яе рук карону ружанца. Ружанец – гэта школа малітвы, ружанец – гэта школа веры!”, - сказаў Святы Айцец падчас сваіх разважанняў перад “Анёл Панскі”.

Пасля марыйнай малітвы Пантыфік нагадаў, што 5 кастрычніка 2013 г. у італьянскай Мадэне быў далучаны да ліку благаслаўлёных Раланда Рыві, семінарыст, які быў забіты ў 1945 г., калі яму было 14 гадоў, з нянавісці да веры. Гэта быў перыяд пераследу духавенства, якое асуджала масавыя забойствы ў пасляваенны перыяд. “Будзем дзякаваць Богу за гэтага маладога мучаніка, гераічнага сведку Евангелля”, - сказаў Папа.

Святы Айцец прывітаў прысутных на плошчы св. Пятра вернікаў сярод якіх былі прадстаўнікі Супольнасці св. Эгідзія з азіяцкіх краін і донары крыві з італьянскай Вероны.







All the contents on this site are copyrighted ©.