2013-10-06 14:29:45

Выдадзены раней невядомыя творы кс. Караля Вайтылы


RealAudioMP3 Раней непублікаваныя тэксты кс. Караля Вайтылы 7 кастрычніка 2013 г. з’явяцца ў польскіх кнігарнях. У кнігу “Таямніца Бога” увайшлі чатыры набажэнствы-містэрыі, падрыхтаваныя маладым святаром у кракаўскай парафіі св. Фларыяна. Тэксты больш за 60 гадоў ляжалі у шуфлядзе стала Яцэка Федаровіча, які належаў да групы моладзі, з якой працаваў кс. Вайтыла. У 1951 г. святар – тады яшчэ малады вікарый парафіі св. Фларыяна – пераканаў студэнтаў, у асноўным з Кракаўскага тэхналагічнага ўніверсітэта, і студэнтак, якія пражывалі ў інтэрнаце сясцёр Святой Сям’і з Назарэта, падрыхтаваць паралітургічныя містэрыі. Яны былі заснаваны на тэкстах Святога Пісання з каментарамі святара.

Першая містэрыя – “Святло народаў” – прайшла ў дзень Маці Божай Грамнічнай 2 лютага 1951 г., іншая – “Крыж Хрыста” – у Вялікім посце. Яшчэ дзве – “Хрыстус Валадар” і “Беззаганная” – адбыліся пасля сыходу кс. Вайтылы з парафіі, але пад яго апекай.

Праз некалькі гадоў пасля смерці Яцэка Федаровіча рукапісы з тэкстамі містэрыяў перадаў кракаўскаму езуіцкаму выдавецтву яго сын, кс. Шыман Федаровіч. “Для майго таты кс. Вайтыла быў важным чалавекам і таму ён захоўваў звязаныя з ім рэчы. Але ён умеў захоўваць таямніцу. Пасля смерці таты я падумаў, што варта, каб гэтыя тэксты ўбачылі свет”, - прызнаўся кс. Федаровіч.

Выдавецтва “WAM” вырашыла апублікаваць тэксты, бо як сказаў яго галоўны рэдактар, а. Яцэк Сепсяк, дакумент з’яўляецца напамінам пра кс. Вайтылу, маладога святара, і прадчуваннем таго, чым ён “сілкаваў” вернікаў як Папа. “Гэта каштоўны зыходны матэрыял для даследаванняў. Тэкст каментатара-святара даволі шырокі і вельмі цікавы. У гэтых набажэнствах шмат тэатральных элементаў. Караль Вайтыла меў тэатральны вопыт і быў у стане зрабіць такія рэчы, як містэрыя”, - сказаў галоўны рэдактар.

Па словах арцыбіскупа Кракаўскага, кардынала Станіслава Дзівіша, які напісаў прадмову да “Таямніцы Бога”, гэта вельмі каштоўная публікацыя. “Я раней не ведаў гэтых тэкстаў. Кранае тое, што ў 1951 г. Святы Айцец быў настолькі ўцягнуты ў літургічнае абнаўленне. Гэта сабранне яго малітваў кажа аб тым, што ён апярэдзіў Сабор. Трэба глядзець на яго як на дакумент”, - лічыць іерарх. “Ён не проста рабіў гэта для сябе, але для супольнасці. Ужо тады уключыў у літургічнае абнаўленне кракаўскую моладзь”, - сказаў кардынал.

Трэба адзначыць, што Караль Вайтыла быў аўтарам некалькіх твораў, між іншым: “Песня аб утоеным Богу”, “Брат нашага Бога”, “Ювелірная крама”, “Промні бацькоўства”.







All the contents on this site are copyrighted ©.