Папа да моладзі: не бойцеся рабіць рашучых крокаў у жыцці
Каля 12 тыс. юнакоў
і дзяўчат прынялі ўдзел у сустрэчы з папам Францішам, якая прайшла 4 кастрычніка 2013
г. на плошчы перад базылікай Панны Марыі Анёльскай у Асізі. Напачатку Папа памаліўся
ў гэтай святыні, а затым выйшаў да моладзі, каб адказць на некаторыя пытанні з якімі
звярнуліся яе прадстаўнікі. Першае з пытанняў тычылася паклікання да сужэнства. Папа
падкрэсліў, што яно з’яўляецца сапраўдным пакліканне, як пакліканнем да святарства
ці манаскага жыцця. Францішак заклікаў давяраць Богу і не баяцца цяжкасцяў. “Падумаем
пра нашых бацькоў, дзядуль і бабуль: яны жаніліся ва ўмовах бяднейшых за нашы, некаторыя
ў часы вайны, ці пасляваенныя; некаторыя былі эмігрантамі, як мае бацькі. Дзе яны
знаходзілі сілы? Ва ўпэўненасці, што Пан з імі, што сям’я – благаслаўлёная Богам праз
сакрамэнт сужэнства, і што місія нараджэння дзяцей свету і іх выхавання, благаслаўлёная.
З гэтай ўпэўненасцю яны перамагалі нават самыя цяжкія выпрабаванні”, - сказаў Папа.
Ён адзначыў, што сёння грамадства аддае перавагу індывідуальным правам, адносінам,
які трываюць пакуль не пачынаюцца цяжкасці, і таму, часам, пра пару, сям’ю і сужэнства
кажуць павярхоўна і недарэчна. “Дастаткова паглядзець некаторыя тэлевізійныя праграмы!”,
– сказаў Францішак.
Папа адзначыў каштоўнасць шматлікіх касцёльных ініцыятываў,
якія дапамагаюць моладзі лепш падрыхтавацца да сужэнства. Яны арыентаваны на ўсіх:
маладых людзей у пошуку, пар у крызісе, бацькоў у цяжкасцях у адносінах з дзецьмі.
“Фантазія Святога Духа бясконцая і вельмі канкрэтная!”, - сказаў Папа і заклікаў не
баяцца рабіць рашучых крокаў ў жыцці, да якіх адносіцца сужэнства.
Францішак
падзяліўся: “колькі разоў я чуў маці, якія мне казалі: “Ойча, я маю сына, якому 30
гадоў, але ён не жэніцца: не ведаю, што рабіць! Мае прыгожую нарачоную, але не вырашаецца.
Але, спадарыня, не прасуйце яму больш кашулі! Вось так!”, - пажартаваў Папа.
Ён
заклікаў моладзь паглыбляць сваю любоў, паважаючы час і выразы, маліцца, добра рыхтавацца
да сужэнства і мець давер да Пана, які ніколі не пакіне. “Дазвольце яму увайсці ў
ваш дом, як аднаму з членаў сям’і. Ён вас падтрымае заўсёды”, - сказаў Папа.
Між
іншым Пантыфік заклікаў моладзь не баяцца паклікання да цэлібата і дзявоцтва дзеля
Валадарства Нябеснага, на пачатку якіх заўсёды знаходзіцца моцны досвед сустрэчы з
Богам, “сустрэчы якая не забываецца”.
Францішак нагадаў моладзі пра важнасць
удзелу ў грамадскім жыцці і аб тым, што Евангелле тычыцца не толькі рэлігійнага жыцця,
але ўсяго чалавека, свету, грамадства і цывілізацыі. “Тут, у Асізі, побач з Парцынкулай,
мне здаецца, што чую голас св. Францішка, які паўтарае: “Евангелле, Евангелле!”. Ён
кажа гэта таксама мне, нават, у першую чаргу мне: папа Францішак, будзь слугой Евангелля!
Калі я не здолею быць слугой Евангелля, маё жыццё не каштуе нічога”, - падзяліўся
Святы Айцец.
Пасля сустрэчы з моладзю, Папа накіраваўся ў санктуарый Рыварота
– месца ў якім некаторы час жыў св. Францішак, пасля таго, як пакінуў бацькоўскі дом.
Пасля гэтага, ён развітаўся з прадстаўнікамі касцёльных і свецкіх уладаў рэгіёна Умбрыя
і выляцеў у Ватыкан.