2013-10-05 11:02:00

Памятны медаль першага года пантыфікату Францішка


RealAudioMP3 З 8 кастрычніка з’явіцца магчымасць набыць памятны медаль першага года пантыфікату папы Францішка. Ён быў адчаканены на манетным двары Італьянскай Рэспублікі ў трох варыянтах: залатым, сярэбраным і бронзавым. Памер медаля – 44 мм у дыяметры. На аверсе змешчана франтальная выява благаслаўляючага Святога Айца, апранутага ў сутану, а вакол яе надпіс на лацінскай мове: “FRANCISCUS PONT. MAX. AN. 1” (Францішак, Вярхоўны Пантыфік, Год першы). З правага боку бачны невялікі аўтограф аўтара – італьянскай мастачкі Марыанжэлы Крышоцці. На гурце выбіта на лацінскай мове: “E CIVITATE VATICANA” (Дзяржава Ватыкан).

На рэверсе медаля змешчана сцэна паклікання св. Мацьвея, вакол якой напісаны словы з гаміліі св. Беды: “Езус, убачыўшы мытніка і паглядзеўшы на яго з любоўю, выбраў яго і сказаў: “Ідзі за мною”. Гэты выраз глыбока крануў сямнаццацігадовага Хорхе Марыа Берголіа, які менавіта ў свята св. Мацьвея ў 1953 г. асаблівым чынам адчуў любячую прысутнасць Бога ў сваім жыцці і вырашыў прысвяціць сябе святарскаму служэнню. Словы св. Беды сталі асновай для біскупскага, а затым і папскага дэвіза Хорхе Берголіа: “Паглядзеў з міласэрнасцю і выбраў”.

Кожны экзэмпляр медаля пранумераваны і мае спецыяльны сертыфікат з пячаткай Дзяржсакратарыяту і манетнага двара Італіі.








All the contents on this site are copyrighted ©.