2013-10-04 10:24:09

Францішак падчас сустрэчы з хворымі дзецьмі: слухаць і распазнаваць раны Езуса


RealAudioMP3 4 кастрычніка 2013 г. папа Францішак здзейсняе душпастрыскі візіт у Азісі – на радзіму апекуна свайго пантыфікату св. Францішка Асізскага. Гэта ўжо чацвёртае Апостальскае падарожжа папы Францішка: да гэтага ён наведваў італьянскі востраў Лампедуза, бразільскі горад Рыа-дэ-Жанейра і Сардзінію. Каля 7.30 раніцы верталёт з Пантыфікам на борце прызямліўся на тэрыторыі спартыўнага поля дзіцячага рэабілітацыйнага цэнтра “Інстытут Серафіко” у Асізі. Тут Папу прывіталі прадстаўнікі мясцовых касцёльных і грамадзянскіх уладаў, а затым ён накіраваўся ў капліцу цэнтра, каб сустрэцца з хворымі дзецьмі і дзецьмі з абмежаванымі магчымасцямі, якія праходзяць у ім лячэнне. Сустрэча праходзіла ў спакойным рытме. Папа прысвяціў час кожнаму з прысутных: ён размаўляў з імі, абдымаў і цалаваў. Многія дзеці і бацькі, якія іх суправаджалі, не хавалі слёзаў.

“Мы знаходзімся сярод ранаў Езуса”, - сказаў Францішак. Ён адклаў загадзя падрыхтаваны тэкст прамовы і звярнуўся да сабраных спантанна. “Гэтыя раны, маюць патрэбу ў тым, каб быць выслуханымі, быць прызнанымі”, - падкрэсліў Папа і дадаў, што яму ўзгадваецца евангельскае апавяданне пра тое, як Езус крочыў разам з дзьвюма смутнымі вучнямі. Яны ўзналі Пана, толькі тады, калі ён паказаў ім свае раны.

Францішак звярнуў увагу сабраных на тое, што ў капліцы, у якой яны знаходзіліся, праводзяцца эўхарыстычныя адарацыі. “Таксама і хлеб, мае патрэбу ў тым, каб быць выслуханым, таму што Езус у ім прысутны і схаваны за прастатой і сціпласцю хлеба. І тут Езус схаваны ў гэтай моладзі, гэтых дзецях, у гэтых асобах. На алтары мы ўшаноўваем Цела Хрыста, а ў іх знаходзім раны Езуса”, - падкрэсліў Папа. Ён адзначыў, што Езус схаваны ў Эўхарыстыі, схаваны таксама і ў ранах гэтых дзяцяй. “Яны маюць патрэбу ў тым, каб быць выслуханымі... Магчыма не столькі часопісамі, як навіны... Гэта слуханне мінае праз адзін-два-тры дні, а затым прыходзяць новыя і новыя... Яны павінны быць выслуханы, тымі, хто называе сябе хрысціянамі”, - адзначыў Папа.

Развітаўшыся з сабранымі ў “Інстытуце Серафіко”, Пантыфік дзейсніў прыватны візіт у санктуарый св. Даміяна, які знаходзіцца на ўскраіне Асізі і вядомы тым, што менавіта ў ім св. Францішак пачуў голас Хрыста: “Ідзі і адбудуй дом Мой”.








All the contents on this site are copyrighted ©.