2013-10-04 14:37:48

Папа ў Асізі: атмасфера францішканскага братэрства і радасці


RealAudioMP3 4 кастрычніка, на заканчэнне св. Імшы перад базылікай св. Францішка Папа асвяціў алей і лампаду, якая будзе ўстаноўлена і запалена побач з магілай асізкага Бедняка. Па-традыцыі кожны год, гэтыя атрыбуты ахвяруе адзін з рэгіёнаў Італіі – сёлета іх прадставіў рэгіён Умбрыя, на тэрыторыі якога і знаходзіцца Асізі. Пра прыезд папы Францішка нагадвае атмасфера на вуліцах гэтага невялікага горада: многія дамы, крамы і аўтамабілі ўпрыгожаны ватыканскімі сцягамі і выявамі Пантыфіка. Некаторыя ўладальнікі кавярняў змясцілі на дзвярах плакаты з запрашэннем завітаць на каву, адрасаваным Папе. Тысячы людзей напоўнілі вуліцы горада. Яны расцягнуліся ўздоўж маршруту Святога Айца, агульная працягласць якога складае каля 30 км. Сярод пілігрымаў пануе сапраўднае францішканскае братэрства і добры настрой, які захаваўся і нават умацаваўся, нягледзячы на невялікі дождж, што прайшоў перад св. Імшой.

Візіт Папы ў Асізі асвятляюць больш за 1000 журналістаў, 53 тэлевізійных канала з розных краін свету і прадстаўнікі больш чым 70 фотаагенстваў.

Пасля заканчэння Эўхарыстыі на ўтульнай невялікай плошчы св. Францішка Папа накіраваўся ў мясцовы цэнтр “Caritas” дзе паабедаў разам з некаторымі беднымі, аб якіх клапоццяца супрацоўнікі і валанцёры гэтай каталіцкай дабрачыннай арганізацыі. Пасля абеду, ён здзейсніў прыватны візіт у санктуарый “Eremo delle Carceri”, які размешчаны на вышыні 800 м над узроўнем мора, на схіле гары Субазіо. Менавіта сюды св. Францішак ухадзіў разам са сваімі братамі, каб пабыць сам на сам з Богам.








All the contents on this site are copyrighted ©.