2013-10-04 11:56:33

Пантыфік на радзіме св. Францішка: укрыжаванне кажа нам пра жыццё


RealAudioMP3 Кульмінацыйным момантам падарожжа Святога Айца ў Асізі стала Эўхарыстыя на плошчы св. Францішка 4 кастрычніка 2013 г. Па-прыбыцці на яе, Папа накіраваўся ў базыліку, каб памаліцца каля магілы “Рыцара Панны беднасці”. Паводле Пантыфіка, першае, чаму св. Францішак вучыць нас сёння – гэта “жывым адносінам з Асобай Езуса”, таму, як “апрануцца ў Яго”, “стаць падобным на Яго”. Папа нагадаў, што шлях св. Францішка да Езуса пачаўся з таго моманту, як Хрыстус паглядзеў на яго з крыжа. Ён адзначыў, што гэты крыж захаваўся да сённяшняга дня і на ім Езус не прадстаўлены памерлым, але жывым – мае адкрытыя вочы. “Кроў сцякае з Яго ран на руках, нагах і з боку, але гэта кроў выражае жыццё”, - сказаў Пантыфік і падкрэсліў, што “укрыжаванне не кажа нам пра паразу, упадак: яно парадаксальным чынам, кажа пра смерць, якая з’яўляецца жыццём, нараджае жыццё, бо кажа нам пра любоў”, якая перамагае зло і смерць. “Хто дазваляе Укрыжаванаму Езусу глядзець на сябе, той будзе створаны нанова, стане “новым стварэннем”, - адзначыў Папа і заклікаў прасіць св. Францішка навучыць заставацца пад позіркам Укрыжаванага.

Другі аспект, на які звярнуў увагу Папа тычыўся супакою: хто ідзе за Хрыстом, атрымлівае сапраўдны супакой, які толькі Ён, а не свет можа даць. Пантыфік нагадаў, што св. Францішак часта асацыіруецца з супакоем, але гэты супакой не з’яўлецца “салодкім сантыментам”. “Калі ласка: гэтага для св. Францішка не існуе! Таксама як і пэўнага кшталту пантэістычнай гармоніі з энергіямі космаса. Таксама і гэта не францішканскае, але ідэя, якую нехта пабудаваў. Супакой св. Францішка, гэта супакой Хрыста, а знаходзіць яго той, хто бярэ на сябе “цяжар” – гэта значыць Яго запаведзь: Любіце адзін аднаго, як Я палюбіў вас. Гэты цяжар нельга насіць з высакамернасцю, прэзумцыяй, пыхай, а толькі са сціпласцю і сардэчнай пакорай”, - сказаў Папа.

Пантыфік нагадаў, што св. Францішак сведчыў аб павазе да ўсяго, што Бог стварыў, але перш за ўсё аб павазе і любові да кожнага чалавека. “З гэтага Гораду Супакою, паўтараю з сілай і пакорай у сэрцы: будзем паважаць стварэнне, не будзем прыладамі разбурэння!”, - сказаў Папа. Ён заклікаў спыніць узброенныя канфлікты і дазволіць любові заняць месца нянавісці, прабачэнню – нападак, а адзінству – падзелаў. “Паслухаем вокліч тых, хто плача, пакутуе, гіне з прычыны насілля, тэрарызма ці вайны, у Святой Зямлі, так любімай св. Францішкам, у Сірыі, на усім Блізкім Усходзе, у свеце”, - заклікаў Папа.








All the contents on this site are copyrighted ©.