2013-10-03 12:58:24

Папа: эканамічны крызіс – гэта сімптом недахопу павагі да чалавека і праўды


RealAudioMP3 “Нягледзячы на тое, што ўпалі муры і бар’еры, свет працягвае мець патрэбу ў міры, а заклік “Pacem in terris” застаецца вельмі актуальным”, - такога меркавання прытрымліваецца папа Францішак. 3 кастрычніка 2013 г. ён прыняў на аўдыенцыі каля 300 удзельнікаў пасяджэння Папскай рады “Iustitia et pax”, якія прыбылі ў Рым з розных краін свету з нагоды 50-годдзя энцыклікі Яна ХХІІІ “Pacem in terris” (Мір на зямлі), апублікаванай 11 красавіка 1963 г. У сустрэчы прыняў удзел таксама Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Звяртаючыся да сабраных у Клеменційскай зале Апостальскага палацу, Папа адзначыў, што “Провід пажадаў”, каб гэта сустрэча адбылася неўзабаве пасля абвяшчэння аб кананізацыі Яна XXIII. Менавіта гэты Папа кінуў зерне міру, якія прынеслі плёны ў эпоху “іншага благаслаўлёнага, Яна Паўла ІІ” і адкрылі прастору свабоды і дыялога. Аднак сёння, нажаль, яго заклік аб міры на зямлі працягвае заставацца актуальным.

Гаворачы пра фундаменты будавання міру, Францішак падкрэсліў, што яны палягаюць на Боскім паходжанні чалавека, грамадства і ўлады, якія павінны натхняцца справядлівасцю і салідарнасцю. “Гледзячы на нашу рэальнасць, я пытаюся, ці мы зразумелі ўрок “Pacem in terris”. Я пытаюся – ці словы справядлівасць і салідарнасць уваходзяць у наш слоўнік і ці ўсе працуюць, каб яны сталі рэальнасцю? Энцыкліка бл. Яна ХXІІІ нагадвае нам ясна, што сапраўдныя мір і гармонія немагчымыя, калі не працуем на карысць справядлівага і салідарнага грамадства, калі не перамагаем эгаізм, індывідуалізм, групавыя і рознаўзроўневыя інтарэсы”, - сказаў Папа.

Францішак нагадаў, што трывалы мір залежыць ад свабоднага доступу ўсіх людзей да самага неабходнага: ежы, вады, жылля, медыцынскай дапамогі, адукацыі, магчымасці ствараць і ўтрымліваць сям’ю. Ён адзначыў, што ўсведамленне гэтага ўжо увайшло ў свядомасць людзей. “Але ці стала гэта рэальнасцю?”, - спытаў Папа.

Паводле Святога Айца, сусветны эканамічны крызіс – “гэта цяжкі сімптом недахопу павагі да чалавека і праўды, з якім прымаліся рашэнні з боку урадаў і грамадзян”, а энцыкліка “Pacem in terris” заклікае да пераасэнасавання нашай мадэлі развіцця і дзейнасці, каб наш свет стаў светам міру.








All the contents on this site are copyrighted ©.