2013-10-03 12:32:29

Папа: не пераўтвараць памяць пра збаўленне ў просты ўспамін


RealAudioMP3 Не можна дазволіць пераўтварыць памяць аб збаўленні ў просты ўспамін, адзначыў Папа 3 кастрычніка 2013 г. Св. Імша – гэта не нейкая грамадская падзея, але прысутнасць Хрыста ў нашым асяроддзі, дадаў ён. Гамілія Францішка падчас ранішняй Эўхарыстыі была натхнёна ўрыўкам з кнігі Нээміі і засяроджана на важнасці памяці. На думку Святога Айца ў кожным з нас была “прапісана” памяць аб збаўленні. Але некаторыя згубілі яе, нібыта аддалі “у музей”, як нешта “архаічнае”. Калі памяць аб чымсьці не шануецца, яна становіцца простым успамінам, падкрэсліў Пантыфік, і наадварот, калі памяць – гэта штосьці блізкае, яна сдольная нараджаць радасць і надзею.

Такая радасць, на думку Святога Айца, гэта сіла чалавека. Хрысціянін не можа згубіць памяці пра збаўленне, бо сама па сабе “гэта сустрэча з памяццю з’яўляецца збаўчай, сустрэчай з любоўю Бога, Які ствараў гісторыю з намі і збавіў нас”, - адзначыў Папа. Такое ўспрыняцце не можа не нараджаць радасці. “Калі Бог прыходзіць, набліжаецца, - сказаў Святы Айцец - гэта заўсёды свята”. А хрысціяне, на яго думку, часта баяцца радавацца.

Згубленая памяць спрыяе таму, што для верніка жыццё ў Касцёле становіцца нудным. Так, св. Імша часта ператвараецца ў грамадскае мерапрыемства, калі чалавек далёкі ад “памяці Касцёла”, хоць на самой справе Эўхарыстыя з’яўляецца прысутнасцю Пана сярод нас.

На заканчэнне Папа заклікаў усіх прасіць ласку захоўваць Божую памяць і не пераўтвараць яе ў звычку або просты ўспамін.







All the contents on this site are copyrighted ©.