Прэфект ватыканскай кангрэгацыі адправіцца ў Германію
Прэфект Кангрэгацыі
па справах Усходніх Касцёлаў наведае Германію. Візіт кардынала Леанарда Сандры пачнецца
3 кастрычніка 2013 г. і працягнецца чатыры дні. Ён будзе прымеркаваны да кампаніі
буйной дабрачыннай арганізацыі “Missio”, якая займаецца дапамогай Касцёлу ў бедных
краінах Афрыкі і Лацінскай Амерыкі. “Місійны месяц”, падчас якога будуць збірацца
сродкі на фінансаванне праектаў, распачнецца св. Імшоў у Кёльнскім саборы; яе ўзначаліць
ватыканскі іерарх разам з Патрыярхам Копцка-Каталіцкай Царквы Ібрагімам Сідракам і
арцыбіскупам Кёльнскім, кардыналам Ёахімам Майснэрам.
У наступныя дні прэфект
Кангрэгацыі па справах Усходніх Касцёлаў сустрэнецца з кіраўнікамі каталіцкіх дабрачынных
арганізацый, з якімі абмяркуе стратэгію далейшай дапамогі “патрабуючым” Касцёлам,
перш за ўсё, у Іраку, Егіпце, Сірыі, і Святой Зямлі.
З Патрыярхам Копцка-Каталіцкай
Царквы ватыканскі іерарх абмяркуе падзеі ў даліне Ніла, дзе ў апошнія месяцы ў ходзе
жорсткіх сутыкненняў паміж грамадзянскім насельніцтвам мела месца некалькі актаў,
накіраваных супраць хрысціянскіх цэркваў, святароў і вернікаў.
Кардынал Сандры
сустрэнецца таксама з халдэйскай супольнасцю ў нямецкім Эсэне, каб такім чынам прыцягнуць
увагу заходніх грамадстваў да прысутнасці ў іх вернікаў усходніх каталіцкіх Цэркваў,
якія ў большасці з’яўляюцца эмігрантамі.
Дабрачынная арганізацыя “Missio” была
заснавана ў 1922 г. для дапамогі замежным місіям і з таго часу ператварылася ў адзін
з самых буйных каталіцкіх фондаў. Яна дапамагае мясцовым Касцёлам у краінах, дзе пануюць
крызіс, беднасць і нявызначанасць. Мэта дзейнасці “Missio” – падтрыманне мясцовых
супольнасцяў і навучанне і выхаванне будучых касцёльных лідэраў.