Ватыканскі дыпламат у ААН пра адказнасць за мір і канфлікт у Сірыі
Мір з’яўляецца неабходнай
умовай для інтэгральнага развіцця чалавека і свету і можа быць дасягнуты толькі, калі
кожная дзяржава “цалкам прыме адказнасць за агульнае дабро ўсіх”. Гэта падкрэсліў
1 кастрычніка 2013 г. у Нью-Ёрку арцыбіскуп Дамінік Мамбэрці, сакратар па адносінах
Святога Пасаду з дзяржавамі, у сваім выступленні на 68-й сесіі Генеральнай Асамблеі
Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, прысвечанай сітуацыі ў Сірыі. Ён падкрэсліў, што пасля
крызісу 2008 г., існуе пільная патрэба ў новай, больш справядлівай і адказнай, міжнароднай
фінансавай сістэме.
На думку ватыканскага іерарха, трэба таксама вярнуцца
“да асноватворных прынцыпаў”, пачынаючы з абмежавання прымянення сілы для вырашэння
канфліктаў . Ён з жалем адзначыў, што створаныя ААН механізмы не змаглі прадухіліць
сур’ёзныя грамадзянскія і рэгіянальныя беспарадкі і абараніць насельніцтва ў Конга
, Цэнтральнай Афрыцы і на Блізкім Усходзе. Нягледзячы на гэтыя цяжкасці, паводле арцыбіскупа,
вопыт ААН па падтрыманні і ўмацаванні міру варта разглядаць у цэлым станоўча.
Іерарах
выказаўся адносна трагедыі ў Сірыі, падкрэсліўшы глыбокую заклапочанасць Святога Пасаду
лёсам хрысціянскіх супольнасцяў і іншых меншасцяў, якія, па яго словах, “не павінны
быць вымушаны пакідаць краіну, а, наадварот, павінны адыгрываць сваю ролю ў будучай
палітычнай канфігурацыі краіны і ўнесці свой уклад у агульнае дабро”. Прадстаўнік
Апостальскай Сталіцы чарговы раз заклікаў да выкарыстання дыпламатычных, эканамічных
і грамадскіх рэсурсаў для вырашэння сітуацыі ў Сірыі. Мірнае і доўгатэрміновае рашэнне
сірыйскага канфлікту, на думку сакратара па адносінах Святога Пасаду з дзяржавамі,
створыць важны і станоўчы прэцэдэнт для бягучага стагоддзя.