2013-10-02 16:23:01

Аб чым размаўляў Папа з Радай кардыналаў?


RealAudioMP3 Кс. Фэдэрыка Ламбардзі расказаў журналістам пра працу Рады кардыналаў, створанай папай Францішкам для дапамогі ў кіраванні Паўсюдным Касцёлам і вывучэнні праекту рэфармавання Рымскай курыі. Пасяджэнні Рады праходзяць у гэтыя дні ў Ватыкане з удзелам Пантыфіка. Першае адбылося 1 кастрычніка 2013 г. у прыватнай бібліятэцы Апостальскага Палацу. Затым, месцам іх правядзення стаў Дом св. Марты, у якім пражывае Папа, і дзе спыніліся самі іерархі. Пачалася праца Рады кардыналаў з уводнага звароту Святога Айца. Затым іерархі разважалі на эклезіялагічную тэматыку у святле рашэнняў ІІ Ватыканскага Сабору. Кс. Ламбардзі падкрэсліў, што мэта працы Рады заключаецца не толькі ў абмеркаванні арганізацыйных праблем, але тэалагічнага і духоўнага бачання Касцёла, перспектыў Касцёла, вызначаных на Саборы і спосабаў іх дасягнення.

Паводле кіраўніка Залы Друку Апостальскай Сталіцы, пурпураты размаўлялі аб місіі Касцёла, адносінах паміж Паўсюдным Касцёлам і мясцовымі Касцёламі, адзінстве, калегіяльнасці ў кіраванні Касцёлам. У цэнтры іх увагі была тэма адносін паміж Касцёлам і беднымі, ролі свецкіх, дабрачынным характары касцёльных супольнасцяў і адказнасці ўсіх членаў Касцёла за супольнае дабро.

Кс. Ламбардзі адзначыў, што вечарам 1 кастрычніка пурпураты размаўлялі аб будучым Сінодзе Біскупаў і яго магчымай тэме. Паводле кіраўніка Залы Друку, падкрэслівалася важнасць антрапалагічнай тэматыкі – асобы і сям’і, аб якой ужо казаў Папа некалькі месяцаў таму.

2 кастрычніка члены Рады кардыналаў абмяркоўвалі пытанні, звязаныя з рэформай Рымскай курыі: адносін паміж дыкастэрыямі і Святым Айцом, каардынацыяй дзейнасці паміж дыкастэрыямі, функцыямі Дзяржсакратарыяту і іншае.

Кс. Ламбардзі ўдакладніў, што члены Рады кардыналаў, не з’яўляюцца нейкімі “кантынентальнымі дэлегатамі”, але членамі Калегіі Біскупаў, якія добра ведаюць аб рэальных праблемах Касцёла ў розных частках свету і карыстаюцца “вялікім даверам і асаблівай павагай з боку Папы”.








All the contents on this site are copyrighted ©.