Папа Францішак выказаў заклапочанасць становішчам кс. Уладзіслава Лазара
Апостальскі нунцый
у Беларусі сустрэўся 30 верасня 2013 г. з папам Францішкам. Падчас саракахвіліннай
размовы арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці расказаў Святому Айцу аб “жыцці і перспектывах
Беларусі”. Асаблівую ўвагу Пантыфік прысвяціў сітуацыі Каталіцкага Касцёла ў краіне.
Апостальскі нунцый паінфармаваў Пантыфіка аб становішчы кс. Уладзіслава Лазара, паведамляе
інтэрнэт-партал Каталіцкага Касцёла ў Беларусі (catholic.by). Святы Айцец выказаў
сваю заклапочанасць і папрасіў, “каб яго асабіста рэгулярна інфармавалі аб развіцці
гэтай сітуацыі”. Папа запэўніў усю каталіцкую супольнасць краіны ў сваёй асаблівай
блізкасці і “бацькоўскай увазе да гэтай далікатнай сітуацыі”. Пантыфік папрасіў арцыбіскупа
Гуджэроцці перадаць усім грамадзянам краіны цёплае прывітанне і запэўніў у сваёй малітве,
павазе і сімпатыі.
Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі 12 верасня 2013г.
атрымала паходзячую ад дзяржаўных органаў інфармацыю аб затрыманні кс. Уладзіслава
Лазара. Святар затрыманы органамі КДБ і знаходзіцца ў СІЗА КДБ у г. Мінску. Яму ставіцца
ў віну перадача грошай і матэрыяльных каштоўнасцяў чалавеку, які абвінавачваецца ў
шпіянажы на карысць іншай дзяржавы.
У бліжэйшыя дні Апостальскі нунцый сустрэнецца
з Дзяржаўным Сакратаром Яго Святасці Папы і іншымі прадстаўнікамі Дзяржсакратарыяту,
а таксама з кіраўнікамі некаторых ватыканскіх дыкастэрый і іншымі прадстаўнікамі Святога
Пасаду.