Дырэктар Ватыканскага банка пра першы за 125-гадовую гісторыю даклад
Генеральны дырэктар
Інстытута рэлігійных спраў, вядомага пад назвай Ватыканскі банк, адзначыў гістарычнасць
публікацыі гадавога дакладу аб дзейнасці гэтай ватыканскай структуры. Даклад стаў
першым за 125-гадовую гісторыю існавання банка і змяшчае апісанне працы ўстановы ў
2012 г. і за першыя восем месяцаў 2013 г., заявы назіральнага савета і кардынальскай
камісіі. Дакумент утрымлівае больш за 60 старонак падрабязнай фінансавай справаздачнасці.
Эрнст фон Фрэйберг лічыць, што не трэба быць бухгалтарам, каб на аснове дыкументу
зразумець і прааналізаваць працу Інстытута рэлігійных спраў.
Дырэктар нагадаў,
што на працягу апошняга часу ў банку праводзіўся знешні аўдыт. За апошнія шэсць месяцаў
не з’явілася нейкіх новых фактаў адносна яго працы, кліентаў і місіі. Інстытут, па
словах фон Фрэйберга – гэта дастаткова кансерватыўна кіраваная фінансавая ўстанова,
якая дакладна сочыць за захаваннем актываў і здзяйсняе “кансерватыўныя” інвестыцыі,
як дзяржаўныя аблігацыі і банкаўскія дэпазіты. У выніку, Ватыканскі банк з’яўляецца
ўстановай з высокай капіталізацыяй. У канцы 2012 г. уласны капітал банка склаў 15
%, што нашмат вышэй падобных фінансавых інстытутаў.
Публікацыя дакладу стала
адным з этапаў ажыццяўлення палітыкі празрыстасці Ватыканскага банка. Яна, па словах
генеральнага дырэктара, заснавана “на трох кітах”: супрацоўніцтве са СМІ і ўдзеле
ў прамым, адкрытым і сістэматычным дыялогу з імі; стварэнні інтэрнэт-старонкі, якая
магла б служыць у якасці аўтарытэтнай крыніцы інфармацыі аб інстытуце; і публікацыі
гадавога дакладу.
Эрнст фон Фрэйберг адзначыў, што даклад скіраваны ў першую
чаргу да Касцёла. “У свеце каля аднаго мільярда католікаў, якія маюць права ведаць,
што ў гэтай сферы робіць Святы Пасад. Яны таксама маюць права разумець, якім чынам
мы ўносім уклад у дабрабыт Касцёла на ўсім свеце”, - адзначыў кіраўнік Ватыканскага
банка. Важна, каб партнёры ўстановы таксама ведалі аб яе фінансавай устойлівасці і
добрым кіраванні. Адрасатамі дакладу таксама з’яўляюцца СМІ, фінансавыя аналітыкі
і грамадства ў цэлым.
Наступным крокам для банка, па словах яго дырэктара,
будзе перагляд працы з кліентамі і паляпшэнне паслуг для іх.
Фон Фрэйберг нагадаў,
што да канца гэтага года або ўжо ў наступным Святы Айцец прыме рашэнне, у якім накірунку
будзе развівацца Інстытут рэлігійных спраў.