2013-09-30 11:24:21

Папа заклікаў СМІ да стварэння сапраўднай культуры сустрэчы


RealAudioMP3 30 верасня 2013 г. была агучана тэма наступнага 48-га Сусветнага дня сродкаў сацыяльнай камунікацыі: “Камунікацыя на службе сапраўднай культуры сустрэчы”. Тэму дня, які будзе адзначацца ў Касцёле 1 чэрвеня 2014 г., у нядзелю пасля ўрачыстасці Унебаўшэсця Пана, абраў асабіста Святы Айцец Францішак. Яна сцісла пераплятаецца з навучаннем Папы і яго частымі на працягу першых месяцаў пантыфікату заклікамі да стварэння клімату дыялога. Ён неаднойчы заяўляў, што сучасны чалавек часта жыве ў расчараванні і разгубленасці, выкліканых крызісам розных сфер жыцця. Нашы сучаснікі, паводле меркавання Пантыфіка, напоўнены песімізмам, які вядзе да свайго роду ўцёкаў, пошуку прытулку. І тут сродкі масавай камунікацыі могуць адыграць сваю станоўчую ролю – не раздзяляць і сварыць людзей, а аб’ядноўваць і прыміраць іх паміж сабой.

Абвяшчэнне тэмы, гэта першы этап падрыхтоўкі да адзначэння Сусветнага дня сродкаў сацыяльнай камунікацыі. Звычайна, ва ўспамін св. Францішка Сальскага – апекуна журналістаў і каталіцкай прэсы (24 студзеня), Папа кіруе адмысловае пасланне, у якім развівае папярэдне абвешчаную тэму.

Раней арцыбіскуп Клаўдыё Марыя Чэллі заяўляў, што тэма і пасланне Папы на кожны Дзень сродкаў сацыяльнай камунікацыі з’яўляецца “кампедыумам задач і адказнасці, якія павінны прыняць працаўнікі СМІ ў наш час бурнага развіцця новых медыя-тэхналогій, якія фактычна ствараюць новую прастору, новую культуру”. На думку старшыні Папскай рады па сродках масавай камунікацыі, у пэўным сэнсе Святы Айцец патрабуе ад працаўнікоў мас-медыя глядзець у глыбіню рэчаў і адправіцца на пошук вечнага і сапраўднага. Іерарх сказаў, што Папа выказвае давер да магчымасцяў мас-медыя і лічыць, што “СМІ могуць аказаць вялікую дапамогу ў наладжванні атмасферы дыялогу і даверу”.

Сусветны дзень сродкаў сацыяльнай камунікацыі ўстанавіў папа Павел VI у адказ на шматлікія просьбы айцоў ІІ Ватыканскага Сабору прысвяціць адзін дзень у годзе СМІ і іх ролі з каталіцкага пункту гледжання. Упершыню такі дзень прайшоў 7 мая 1967 г. і Папа выдаў з яго нагоды спецыяльнае пасланне. Гэты звычай стаў традыцыяй і па сённяшні дзень Каталіцкі Касцёл адзначае кожны год Сусветны дзень сродкаў сацыяльнай камунікацыі са сваім дэвізам і адмысловым папскім пасланнем.







All the contents on this site are copyrighted ©.