2013-09-28 09:21:06

Францішак: “быць” катэхетамі, а не “працаваць” імі


RealAudioMP3 “Катэхізацыя – гэта стоўп навучання веры, таму нам патрэбны добрыя катэхеты!”, - сказаў папа Францішак, звяртаючыся да ўдзельнікаў Міжнароднага кангрэса катэхетаў, які 26-28 верасня праходзіць у Рыме. Пантыфік сустрэўся з удзельнікамі форума – каля 2 тыс. чалавек – на аўдыенцыі ў Зале Паўла VI у Ватыкане 27 верасня 2013 г. Звяртаючыся да іх, Папа адзначыў, што вучыць дзяцей, моладзь і дарослых больш ведаць і любіць Хрыста – гэта адна з самых цудоўных “прыгодаў”. Францішак заклікаў “быць” катэхетамі, а не “працаваць” імі, таму што “быць”, азначае уключыць у гэту справу ўсё сваё жыццё. “Да сустэчы з Езусам трэба весці і словамі, і сведчаннем”, - сказаў Папа і дадаў, што катэхеты павінны моцна любіць Хрыста і Яго народ.

У сувязі з гэтым Пантыфік заклікаў сабраных быць бліжэй да Езуса – кожны паводле ўласнага паклікання, формы духоўнасці і магчымасцяў. Важна “быць” з Панам, адзначыў Папа. Таксама, паводле Святога Айца, неабходна ісці за Хрыстом – наследаваць Яго паводзіны, выходзіць па-за саміх сябе і ісці на сустрэчу з іншымі. Ён падкрэсліў, што ў веры, чым больш мы яднаемся з Хрыстом, тым больш Ён дазваляе нам выходзіць па-за нашы рамкі. “Дзе ёсць сапраўднае жыццё ў Хрысце, там ёсць адкрытасць на іншага”, - сказаў Папа.

На думку Пантыфіка, катэхеты павінны не баяцца ісці разам з Хрыстом на перыферыі. “Калі катэхет дазваляе страху авалодаць сабой – становіцца баязліўцам; калі катэхет заўсёды прабывае ў спакоі – пераўтвараецца ў музейную статую; калі катэхет жорсткі – становіцца ссохлым і бесплённым”, - сказаў Папа. Ён заклікаў катэхетаў памятаць, што Хрыстус паабяцаў быць заўсёды са сваімі вучнямі.







All the contents on this site are copyrighted ©.