2013-09-28 10:38:13

Святы Айцец супраць “мовы плётак” у Ватыкане


RealAudioMP3 Святы Айцец узначаліў 28 верасня 2013 г. раніцай св. Імшу з удзелам супрацоўнікаў Ватыканскай жандармерыі. Яна прайшла ў Лурдскім гроце, які знаходзіцца ў Ватыканскіх садах. Францішак падзякаваў жандармам за эфектыўную абарону Ватыкана і Пантыфіка і паставіў у прыклад нябеснага апекуна жандармерыі, св. Міхала Арханёла, які бароніць Касцёл ад пастак д’ябла і ўсяго, што ён сее. Робіць ён гэта ў цемры, бо не любіць святла, уцякае ад яго, звярнуў увагу Папа і заклікаў шукаць святла Хрыстовага. Пантыфік заўважыў, што сёння ўжо не трэба ажыццяўляць вайсковую абарону Ватыкана, але наступілі іншыя часы, калі адбываецца “вайна цемры са святлом, ночы супраць дня”. І “гэта не казка”, падкрэсліў Святы Айцец і дадаў, што гэта вайна адбываецца “кожнага дня”. “Я дзякую вам за гэту рашучасць абараняць у гэтай вайне, вайне паміж днём і ноччу, паміж цемрай і святлом. Але я прашу вас не толькі абараняць дзверы, вокны Ватыкана, (...) але бараніць ад сетак д’ябла , як св. Міхал, ваш апякун; наследуйце яго”, - заклікаў ватыканскіх жандармаў Папа і дадаў, што не трэба падманваць сябе і думаць, што д’ябал “абмінае” Ватыкан.

“Запэўніваю вас, што ён прыходзіць”, - сказаў Францішак, “усе мы падданыя спакусам”. На думку Святога Айца, самая небяспечная спакуса д’ябла, гэта падрыў адзінства тых, “хто жыве і працуе ў Ватыкане”. “Д’ябал спрабуе стварыць унутраную вайну, свайго роду грамадзянскую і духоўную вайну, (...) вайну, якая не адбываецца са зброяй у руках, (...) але з дапамогай мовы”, - падкрэсліў Пантыфік і дадаў, што “зброяй для гэтай вайны з’яўляюцца плёткі”.

Францішак папрасіў супрацоўнікаў Ватыканскай жандармерыі абараніць сябе і іншых ад плётак. Мова плётак – “гэта мова, якой не можна карыстацца ў Ватыкане, гэта забароненая мова, таму што гэта мова д’ябла, які раздзяляе, таму што браты становяцца ворагамі, а пераможцам будзе ён”, - падкрэсліў Папа.

Францішак заклікаў прасіць св. Міхала Арханёла “дапамагчы ў гэтай вайне: ніколі не казаць дрэнна адзін на аднаго, ніколі не адкрываць свае вушы на плёткі”, спыняць іх. “Гэта ласка, якую я хацеў бы выпрасіць сёння ў св. Міхала для ўсіх нас”, - прызнаўся Пантыфік.







All the contents on this site are copyrighted ©.