2013-09-28 14:46:02

Нямецкі епіскапат бачыць у рашэннях папы Францішка новую дынаміку для Касцёла


RealAudioMP3 Нямецкія біскупы бачаць у апошніх публічных выступленнях папы Францішка “новую дынаміку для Касцёла”. Навучанне Святога Айца было дамінуючай тэмай дыскусій падчас восеньскай пленарнай сесіі епіскапату, якая завяршылася 27 верасня 2013 г. у горадзе Фульда. Як сказаў старшыня Канферэнцыі Біскупаў Германіі арцыбіскуп Роберт Цоліч, заява Папы, што “душпастырства, якое стварае дыстанцыю ад чалавека, з’яўляецца непрымальным”, актуальнае для Касцёла ў Германіі, які павінен адважыцца выйсці на вуліцы і сустрэць чалавека, які знаходзіцца ў пошуку.

Адной з тэм пасяджэння было душпастырства разведзеных, якія жывуць у новых грамадзянскіх саюзах. Арцыбіскуп Цоліч спаслаўся на папу Францішка і заявіў, што ў наступным годзе нямецкія біскупы прапануюць канкрэтныя душпастырскія рашэнні па гэтым пытанні. Ён адзначыў, што існуе жаданне падысці да гэтых людзей з большым тактам і міласэрнасцю.

Арцыбіскуп Цоліч, які вясной 2014 г. сыходзіць з пасады старшыні епіскапату, станоўча ацаніў заклік Францішка да большай калегіяльнасці ў Касцёле і выказаў меркаванне, што перад абраннем новага старшыні нямецкага епіскапату можна было б арганізаваць нешта накшталт кангрэгацый, якія адбываліся перад апошнім канклавам.

Тыповай для Германіі тэмай было 500-годдзе Рэфармацыі ў 2017 г. Нямецкі епіскапат выказаў гатоўнасць удзелу ў экуменічных мерапрыемствах, пры ўмове, што яны не будуць насіць характару радаснага юбілею.

Біскупы размаўлялі таксама на тэму наступных Сусветных дзён моладзі ў Кракаве.







All the contents on this site are copyrighted ©.