2013-09-27 11:42:54

50 гадоў таму Павел VI адкрыў другую сесію ІІ Ватыканскага Сабору


RealAudioMP3 29 верасня будзе адзначацца гадавіна адкрыцця другой сесіі ІІ Ватыканскага Сабора. 3 чэрвеня 1963 г. памёр папа Ян XXIII, 21 чэрвеня быў абраны новы папа Павел VI. Другую сесію, якая доўжылася з 29 верасня па 4 снежня 1963 г. адкрываў ужо ён. Павел VI выступіў перад саборнымі айцамі (іх было больш за 2400) з праграмнай прамовай. Шматразова спасылаючыся на свайго папярэдніка, Яна XXIII, Пантыфік назваў вялікія тэмы Сабору: самаразуменне Касцёла, яго рэформа, аднаўленне адзінства ўсіх хрысціян, адносіны Касцёла да сучаснага свету.

Ужо на наступны дзень удзельнікі пачалі разгляд і абмеркаванне пытанняў, звязаных з праектам саборнага дакументу “Аб Касцёле”. СМІ звярталі значна большую ўвагу на другі этап прац Сабору, чым на першы. У паведамленнях увага ў асноўным засярожвалася на пытанні аб суадносінах Папы і біскупаў, адраджэнне сталага дыяканату і пытанне аб выпрацоўцы асобнага марыялагічнага саборнага дакументу.

Менавіта падчас другой сесіі былі прыняты першыя дакументы ІІ Ватыканскага Сабору: канстытуцыя аб літургіі “Sacrosanctum Concilium” і дэкрэт аб адносінах са СМІ “Inter Mirifica”.







All the contents on this site are copyrighted ©.