2013-09-26 14:20:42

Іерархі, палітыкі і дыпламаты будуць размаўляць пра энцыкліку “Pacem in terris”


RealAudioMP3 2-4 кастрычніка ў Рыме, па ініцыятыве Папскай рады “Iustitia et pax”, пройдуць мерапрыемствы з нагоды 50-годдзя энцыклікі Яна XXIII “Pacem in terris” (Мір на зямлі), апублікаванай 11 красавіка 1963 г., у самы напружаны момант халоднай вайны паміж ЗША і СССР. Узгадаць аб каштоўнасці дакумента, з якім у тым кантэксце выступіў Пантыфік, на адмысловай канферэнцыі збяруцца высокія касцёльныя іерархі, палітыкі, дыпламаты, прадстаўнікі міжнародных арганізацый, грамадскія дзеячы і навукоўцы. Сярод іх, старшыня Папскай рады “Iustitia et pax” кардынал Пітэр Тарскан, прэфект Кангрэгацыі Каталіцкай Адукацыі кардынал Зянон Грахалеўскі, генеральны дырэктар ЮНЕСКА Ірына Бокава і многія іншыя.

На працягу трох дзён канферэнцыі яе ўдзельнікі будуць размаўляць пра важнасць адукацыі каталіцкай моладзі да яе ўдзелу ў палітыцы, актуальнасць энцыклікі “Pacem in terris” і новыя выклікі, якія сёння стаяць перад светам. 3 кастрычніка з удзельнікамі форума сустрэнецца папа Францішак. Ён прыме іх на аўдыенцыі ў Клеменційскай Зале Апостальскага палацу.

Паводле кардынала Тарксана, аднаго з арганізатараў канферэнцыі, падчас яе будзе таксама разгледжана тэма рэфармавання ААН і ў прыватнасці Савета Бяспекі, праблема міру ў святле адукацыі, навукі і культуры. Акрамя таго, на форуме выступяць прадстаўнікі рэгіянальных арганізацый: Савета Еўропы, Афрыканскага саюза, Лігі Арабскіх Дзяржаў, Арганізацыі Амерыканскіх Дзяржаў і арганізацыі “Дыялог па супрацоўніцтву ў Азіі”.








All the contents on this site are copyrighted ©.