2013-09-25 12:12:39

У Казахстане збяруцца лідэры сусветных і традыцыйных рэлігій


RealAudioMP3 V Кангрэс лідэраў сусветных і традыцыйных рэлігій адбудзецца ў Астане 17-18 верасня 2014 г. Форум прапануецца прысвяціць тэме “Рэлігія і ўстойлівае развіццё”, паведаміў першы намеснік міністра замежных спраў Казахстана, намеснік кіраўніка сакратарыята Кангрэсу Рапіль Жашыбаеў. Папярэдні форум прайшоў у сталіцы Казахстана ў маі 2012 г. На ім былі прадстаўлены больш за 80 дэлегацый з 40 краін, у тым ліку дэлегацыя Апостальскай Сталіцы.

Кангрэс лідэраў сусветных і традыцыйных рэлігій праводзіцца ў Астане па ініцыятыве Прэзідэнта Нурсултана Назарбаева. У ліку ўдзельнікаў форуму – прадстаўнікі хрысціянства, ісламу, юдаізму, будызму, даасізму, сінтаізму, індуізму, а таксама буйных міжнародных арганізацый. Першы форум адбыўся ў Астане ў верасні 2003 г., яго ўдзельнікамі сталі рэлігійныя лідэры і ганаровыя госці з 13 краін Еўропы, Азіі, Афрыкі і Блізкага Усходу.

Трэба нагадаць, што ў гэтыя дні з візітам у Казахстане прабывае кардынал Жан-Луі Таран, старшыня Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу. Ён прымае ўдзел ва ўрачыстасцях з нагоды дзесятай гадавіны правядзення першага Кангрэсу лідэраў сусветных і традыцыйных рэлігій. Ватыканскі кардынал прабудзе ў Казахстане да 26 верасня. Падчас знаходжання ў краіне ён пазнаёміцца з жыццём мясцовага Касцёла.







All the contents on this site are copyrighted ©.