2013-09-22 15:37:47

Святы Айцец: любоў – гэта жыццёвы выбар


RealAudioMP3 22 верасня, у рамках душпастырскага візіта на Сардзінію, папа Францішак сустрэўся з групай бедных і зняволенных, а таксама супрацоўнікамі мясцовага аддзялення “Caritas”, якія аб іх клапоцяцца. Сустрэча адбылася ў катэдральным касцёле ў Кальяры. “Тут мы моцным і канкрэтным чынам адчуваем, што ўсе з’яўляемся братамі. Тут ёсць адзіны Айцец – наш Айцец Нябесны і адзіны Настаўнік – Езус Хрыстус”, - сказаў Папа і адзначыў, што сузіранне Хрыста дае сілу і суцяшэнне, неабходныя перад абліччам нашых цяжкасцяў. “Гледзячы на Езуса мы бачым, што Ён выбраў шлях пакоры і служэння”, - падкрэсліў Папа і дадаў, што “гэта з’яўляецца шляхам любові”. “Такім чынам мы бачым, што любоў – гэта не асістэнцыя: гэта жыццёвы выбар, спосаб быцця, жыцця, шлях пакоры і салідарнасці. Пакора Хрыста – гэта не маралізм, не сантымент. Пакора Хрыста – рэальная, гэта выбар быцця малым, прысутнасці з малымі, з выключанымі, прысутнасць сярод нас, грэшнікаў. Але ўвага, гэта не ідэалогія! Гэта спосаб быцця і жыцця, які пачынаецца з любові, які пачынаецца з сэрца Бога Айца”, - сказаў Папа.

Францішак сцвердзіў: глядзець на Езуса не дастаткова, “трэба ісці за Ім”. Езус не прыйшоў у свет, каб выстаўляць сябе на паказ – Езус, гэта дарога, а дарога патрэбна, каб ісці па ёй. “Такім чынам, я хачу перадусім падзякаваць Пану за вашы намаганні ісці за Ім, у цяжкасцях, у пакутах, паміж сценамі турмы”, - сказаў Папа і заклікаў прысутных, перш за ўсё, захоўваць любоў паміж сабой. “Немагчыма ісці за Хрыстом па дарозе любові, калі не любім адно аднаго, калі не намагаемся супрацоўнічаць, разумець адно аднаго і прабачаць, прызнаючы уласныя недахопы і памылкі”, - адзначыў Францішак.

Папа заклікаў ісці за Хрыстом па дарозе любові аж на перыферыі існавання. “Для добрага пастыра, тое што далёкае, перыферыйнае, што згубленае і неацэненае – гэта аб’ект большага клопату”, - адзначыў ён.

Святы Айцец ападкрэсліў, што ідучы за Хрыстом па дарозе любові, “мы сеем надзею” і неабходна яе сеяць ў грамадстве, праз салідарныя ўчынкі і супрацоўніцтва.








All the contents on this site are copyrighted ©.