2013-09-21 10:13:19

Францішак адзначае 60-годдзе распазнання святарскага паклікання


RealAudioMP3 Папа Францішак адзначае 60-годдзе распазнання святарскага паклікання. Ён упершыню адчуў, што павінен стаць святаром ва ўзросце 17 гадоў, 21 верасня 1953 г. Аб здарэнні, якое падштурхнула яго адказаць “так” Пану, Хорхе Берголіа сам неаднойчы ўзгадваў у розных інтэрв’ю і зваротах да вернікаў. Ужо будучы Біскупам Рыма, падчас чування на плошчы св. Пятра з нагоды ўрачыстаці Спаслання Святога Духа, ён падзяліўся: “Быў Дзень студэнта, для нас вясновы дзень – для вас восеньскі. Перш чым пайсці святкаваць, я зайшоў у парафію, якую наведваў. Тут я ўбачыў аднаго святара, якога не ведаў і адчуў патрэбу ў споведзі. Для мяне гэта стала досведам сустрэчы: я знайшоў Кагосці, хто мяне чакаў. Але я не ведаю, што здарылася, не памятаю, не ведаю чаму гэты невядомы святар быў там, чаму адчуў жаданне паспавядацца, але праўдай з’яўляецца тое, што Нехта мяне чакаў. І чакаў мяне ўжо даўно. Пасля споведзі я адчуў, што нешта змянілася. Я не быў тым самым. Я нібыта пачуў голас, пакліканне: быў перакананы, што павінен стаць святаром. Такі досвед у веры важны. Мы кажам, што павінны шукаць Бога, ісці і прасіць у Яго прабачэння, але калі ідзем, Ён нас чакае. Ён першы! (...) І гэта вялікая ласка – знайсці Таго, хто цябе чакае! Ты ідзеш грэшнікам, а Ён цябе чакае, каб прабачыць”, - расказаў Святы Айцец.

21 верасня Каталіцкі Касцёл адзначае свята св. Мацвея – мытніка, на якога Езус паглядзеў з любоўю і паклікаў быць сваім вучнем. Францішак некалькі разоў таксама падкрэсліваў сваю духоўную сувязь з гэтым святым. У якасці свайго біскупскага, а затым і папскага дэвізу ён выбраў словы з каментара св. Бяды да евангельскага апавядання менавіта пра пакліканне св. Мацвея: “Miserando atque eligendo” (Паглядзеў з міласэрнасцю і выбраў). 19 верасня, у інтэрв’ю езуіцкаму часопісу “La Civiltà Cattolica” Папа адзначыў: “Я грэшнік на якога паглядзеў Пан”. Дэвіз “Miserando atque eligendo”, я заўсёды адчуваў вельмі падыходзячым мне”.

Таксама Пантыфік прызнаўся, што часта прыходзіў у рымскі касцёл св. Людовіка Французскага, каб паразважаць перад карцінай Караваджа “Пакліканне св. Мацвея”, якая знайходзіцца тут у адной з бакавых капліцаў. “Гэты палец Езуса скіраваны на Мацвея (...) такім я сябе адчуваю, як Мацвей”, - сказаў Папа.

Падчас сустрэчы са святарамі Рымскай дыяцэзіі 16 верасня Францішак нагадаў пра свой юбілей і заклікаў маліцца за яго ў гэты дзень.








All the contents on this site are copyrighted ©.