2013-09-21 11:58:20

Папа: дазволім Езусу глядзець на нас і перамяняць позіркам


RealAudioMP3 Дазволім Езусу паглядзець на нас, бо Яго позірк змяняе жыццё, – заклікаў папа Францішак 21 верасня падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Доме св. Марты, каментуючы евангельскае апавяданне пра пакліканне св. Мацвея. Паводле Пантыфіка, Езус паглядзеў у вочы гэтага мытніка, вядомага грэшніка, ідалам якога былі грошы і той адчуў Яго позірк “у сваім сэрцы” “І гэты позірк яго цалкам ахапіў, змяніў яго жыццё. Мы кажам: навярнуў яго (...). “Як толькі адчуў у сэрцы гэты позірк, устаў і пайшоў за Ім. І гэта сапраўды так: позірк Езуса ўздымае нас заўсёды. Гэта позірк, які вядзе нас уверх, ніколі не пакідае. Ніколі не прыніжае цябе (...) Запрашае цябе падняцца. Гэта позірк, які заклікае цябе расці, ісці наперад, натхняе цябе, таму што любіць. Дазваляе цябе адчуць, што Ён цябе любіць. І гэта дае адвагу ісці за Ім: “Той устаў і пайшоў за Ім”, - сказаў Папа. Францішак адзначыў, што позірк Езуса – гэта не нешта магічнае: “Езус не быў спецыялістам у гіпнозе”. “Езус глядзеў на кагосці, і ён адчуваў Яго позірк, нібыта Езус прамаўляў яго імя...”, - сказаў Папа. Ён нагадаў, што Езус сеў за стол разам з многімі мытнікамі і грэшнікамі і “усё гэта грамадства – грамадства нячыстае – адчувала сябе запрошаным на гэты абед”, як здарылася ў прыпавесці пра караля, якія загадаў слугам пайсці на скрыжаванні дарог і запрасіць на вяселле сына ўсіх каго сустрэнуць: добрых і злых.

“Езус глядзеў на іх і я думаю, што Яго позірк быў як дунавенне на вуглі. Яны адчувалі полымя ўнутры, і тое, што Езус іх уздымаў, вяртаў ім годнасць. Позірк Езуса заўсёды робіць годнымі, дае нам годнасць. Яго позірк шчодры. “Глядзі, які Настаўнік: абедаў разам з брудам гораду! Але пад гэтым брудам, былі вуглі жадання Бога, вуглі вобраза Бога. Яны жадалі, каб нехта дапамог ім стаць полымем. І гэта зрабіў Езус позіркам”, - сказаў Папа.
Паводле Святога Айца кожны чалавек у жыцці адчуваў гэты позірк Хрыста: магчыма праз святара, які навучаў веры і прабачаў грахі, магчыма праз дапамогу сяброў. Папа адзначыў, што Езус чакае, каб паглядзець на нас “канчаткова” – і гэты, апошні позірк Езуса ў нашым жыцці будзе вечным.








All the contents on this site are copyrighted ©.