2013-09-21 14:58:57

Беларусь: бараніць жыццё з усіх сіл


RealAudioMP3 21 верасня ў архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі прайшла св. Імша ў інтэнцыі абароны жыцця, дзяцей і сям’і. Менавіта з гэтай малітвы павінен быў пачацца ў суботу аднайменны агульнанацыянальны Марш за жыццё, благаслаўленне на правядзенне якога далі кіраўнікі Каталіцкага Касцёла ў Беларусі і Беларускай Праваслаўнай Царквы. Упершыню ў краіне неабыякавыя людзі былі гатовы выйсці на вуліцы, каб заявіць у голас аб праблеме абортаў і аб страце традыцыйных сямейных каштоўнасцяў. Але… “па арганізацыйных пытаннях” марш неўзабаве быў адменены.

Але гэта не адмяняе праблемы, якая існуе ў краіне. Беларусь займае чацвёртае месца ў свеце па колькасці суіцыдаў, трэцяе – па абортах, другое – па разводах. Сапраўды, гэтыя лічбы мы сустракаем у СМІ, тэмы закранаем на прэс-канферэнцыях, але вельмі рэдка пытанні ставяцца публічна ў нацыянальным маштабе. Св. Імшу ў інтэнцыі абароны жыцця ў мінскай архікатэдры ўзначаліў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі. Жыццё было даверана чалавеку як неацэнны скарб, якога яму нельга змарнаваць. Праўда аб непарушальнасці жыцця ўпісана ў сэрца чалавека і ў яго сумленне, і чалавек павінен даць справаздачу перад Богам, як ён распараджаўся неацэнным скарбам жыцця, адзначыў іерарх у гаміліі. Абараняць хрысціянскія каштоўнасці, гэта абавязак вернікаў і адзін са спосабаў новай евангелізацыі. Такое паняцце як жыццё – з моманту зачацця і да моманту натуральнай смерці – фундаментальнае для ўсіх хрысціян, і гэтая пазіцыя аб’ядноўвае прадстаўнікоў розных канфесій.

“Ужо шмат было такіх праектаў – у справе дабрачыннасці, у барацьбе са СНІДам. Але можа не ўсе ведаюць, што менавіта зварот Праваслаўнай Царквы і Каталіцкага Касцёла, а таксама грамадскіх арганізацый, да органаў дзяржаўнай улады дапамог у тым, што колькасць сацыяльных паказанняў для аборта ў Беларусі былі скарочаны з 12 да 3. Гэта таксама сумесная акцыя, якая ўдалася, я лічу, толькі таму, што мы былі разам”, - сказаў арцыбіскуп Кандрусевіч Ватыканскаму радыё.

Яшчэ раз сумесна выступіць супраць абортаў не атрымалася. Марш стаў бы для Беларусі беспрэцэдэнтнай падзеяй. Хоць у свеце традыцыя такіх шэсцяў існуе даўно. А 2013 год увогуле прайшоў пад знакам абароны жыцця – у студзені ў ЗША такая акцыя сабрала больш за паўмільёна чалавек, у маі ў Канадзе – каля 25 тыс. асоб паднялі праблему селектыўных абортаў (калі забіваецца дзіця вызначанага полу), у жніўні ўдзельнікі маршу ў Коста-Рыцы выступілі супраць абортаў і зачацця ў прабірцы, у Ірландыі праціўнікі закона аб легалізацыі абортаў некалькі разоў збіралі шматтысячныя пратэсты. Для Беларусі марш стаў бы гістарычнай падзеяй пасля таго, як у пачатку 20-х гадоў прошлага стагоддзя ў СССР ўпершыню былі ўзаконены аборты, дзе з таго часу былі забіты больш за 270 млн. ненароджаных дзяцей. І гэта сітуацыя за 80 гадоў набыла незваротныя наступствы, паведаміла Таццяна Тарасевіч, прадстаўнік руху “Пралайф” Беларусь.

“Сёння нават па дадзеных афіцыйнай статыстыкі Міністэрства аховы здароўя Беларусі ў краіне кожны дзень забіваецца каля ста нанароджаных дзяцей праз аборты па рашэнні бацькоў. Гэта недапушчальна! Трэба сведчыць аб фундаментальным праве на жыццё – гэта права нумар адзін, якое замацавана ва ўсіх міжнародных канвенцыях. У Канвенцыі аб правах дзіцяці напісана, што яно ў сілу сваёй фізічнай і разумовай асаблівасці мае права на абарону, як да нараджэння, так і пасля. Рэлігія кажа, што жыццё дзіцяці – бясцэннае. Такім чынам, сітуацыя у нашай краіне не адпавядае ніякім нормам цівілізаванага грамадства”, - заявіла Таццянана Тарасевіч ў інтэрв’ю для Ватыканскага радыё.

Арганізатарамі марша выступалі Брэсцкае моладзевае грамадскае аб’яднанне “У абарону жыцця і сямейных каштоўнасцяў”, дабрачынны фонд “Адкрытыя сэрцы”, а таксама грамадскае дабрачыннае аб’яднанне “Цэнтр падтрымкі сям’і і мацярынства “Матуля”. Да ўдзелу запрашаліся ўсе, хто неабыякавы да праблемы – кожны голас важны.

Напрыканцы св. Імшы ў мінскай архікатэдры арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч прамовіў словы, якія павінны былі прагучаць напрыканцы марша. Прычынамі крызісу дэмаграфічнай сітуацыі не могуць быць толькі заканадаўства або матэрыяльнае становішча. Апраўдання забойству няма – практыка абортаў, эўтаназія і смяротнае пакаранне супярэчаць Божаму праву. Мітрапаліт заклікаў бараніць жыццё ўсімі сіламі і далей. Нягледзячы на тое, што марш не адбыўся, прадстаўнікі рэлігійных і грамадскіх арганізацый спадзяюцца, што ўсё ж сумныя лічбы статыстыкі і міжнародны вопыт паўплывае як на змены ў беларускім заканадаўстве, так і на паступовы пералом у “забойчай” практыцы, наступствы якой пажынае не адно пакаленне. Аборт знішчае дзяця, атручвае ўсё жыццё жанчыны, скажае сумленне ўрача і ўсіх, хто ўдельнічаў і ведае аб ім, або даў на забойства сваю маўклівую згоду.

Ларыса Абрамчук, Мінск.








All the contents on this site are copyrighted ©.