2013-09-20 12:30:03

Францішак у “Твітэры” прыпамінае, што “вернік” азначае вернасць да канца


RealAudioMP3 Папа выдаў 20 верасня яшчэ адзін Tweet на тэму вернасці сваім абяцанням, ад якіх залежыць жыццё кожнага верніка – як зямное, так і тагасветнае. “Хрыстус заўсёды верны. Памолімся, каб і мы заўсёды былі Яму верныя”, - напісаў Папа. У шматлікіх сваіх зваротаў да католікаў і усіх хрысціян прыпамінае Францішак аб важнасці трываласці ў вернасці. А ў сваёй першай энцыкліцы, якая з'явілася ў гэтым ліпені, “Lumen fidei” (“Святло веры”) Пантыфік тлумачыць людзям ІІІ тысячагоддзя: “У веры Хрыстус не з’яўляецца толькі тым, у каго мы верым, найвышэйшым аб’яўленнем Божай любові, але таксама тым, з кім мы яднаемся, каб верыць. Вера не толькі глядзіць на Езуса, але глядзіць з пункту гледжання Езуса, Яго вачыма: з’яўляецца ўдзелам у Яго спосабе глядзець. У многіх сферах жыцця мы давяраем іншым асобам, якія лепш за нас ведаюць справу. Давяраем архітэктару, які будуе наш дом, фармацэўту, які дае нам лекі дзеля нашага выздараўлення, адвакату, які абараняе нас у судзе. Мы таксама патрабуем кагосьці, хто быў бы надзейным экспертам у справах Бога. Езус, Яго Сын, ёсць тым, хто вучыць аб Богу.

Вера ў Божага Сына, які стаў чалавекам у Езусе з Назарэта, не аддаляе нас ад рэчаіснасці, але дазваляе нам зразумець яе глыбінную сутнасць, адкрыць, наколькі Бог любіць гэты свет i надалей накіроўвае яго да сябе; у выніку хрысціянін штораз больш удзельнічае і мацней перажывае сваю вандроўку на зямлі.
Нагадванне пра сувязь веры з праўдай сёння найбольш неабходна менавіта з прычыны крызісу праўды. У сучаснай культуры часта назіраецца тэндэнцыя прыняцця за адзіную праўду тую, якая звязана з тэхнікай (...) З падазронасцю ўспрымаецца вялікая праўда, тая, якая тлумачыць усё індывідуальнае і грамадскае жыццё. Паўстае пытанне, ці не такой была праўда, якую распаўсюджвалі вялікія таталітарныя сістэмы мінулага стагоддзя, праўда, якая навязвала ўласную глабальную канцэпцыю, каб сцерці канкрэтную гісторыю паасобнага чалавека? Таму застаецца толькі рэлятывізм, які не цікавіцца ўжо пытаннем аб праўдзе ўсяго, пытаннем, якое ў асноўным з’яўляецца таксама пытаннем пра Бога (...) пытанне аб праўдзе з’яўляецца пытаннем аб памяці, глыбокай памяці, бо адносіцца да таго, што нас апярэджвае, i такім чынам можа з’яднаць нас незалежна ад нашага малога i абмежаванага «я». Гэта пытанне пра пачатак усяго, у святле якога можна заўважыць мэту, a таксама сэнс агульнай дарогі(...) вера паказвае нам любоў Бога Стварыцеля, схіляе нас да большага шанавання прыроды, так што мы прызнаём у ёй запісаную Ім “граматыку” i даручанае нам жыллё, каб мы яго ахоўвалі і даглядалі; дапамагае нам адшукаць прыклады развіцця, не кіруючыся толькі прыдатнасцю і карыслівасцю, але зважаючы на тое, што стварэнне – гэта дар, якога мы ўсе даўжнікі; вучыць нас шукаць справядлівыя формы кіравання, прызнаваць, што ўлада паходзіць ад Бога дзеля служэння агульнаму дабру.
Калі знікае вера, з’яўляецца небяспека, што знікнуць таксама фундаменты жыцця”, -піша Папа.

А. Мартэцкая








All the contents on this site are copyrighted ©.