2013-09-19 12:38:46

Папа да новых біскупаў: пазбягаць “княжацкай псіхалогіі”


RealAudioMP3 Біскупы павінны быць пастырамі з “запахам авечак”, мець сэрца адкрытае для усіх, пазбягаць “княжацкай псіхалогіі” і кар’ерызма, а таксама выходзіць на перыферыі існавання, дзе ёсць пакуты, адзінота і чалавечая дэградацыя. З такімі словамі 19 верасня папа Францішак звярнуўся да групы новых біскупаў, якія прыбылі ў Рым, каб паўдзельнічаць у спецыяльнай адукацыйнай сустрэчы, разам з кіраўнікамі ўсіх дыкастэрыі Рымскай курыі. Звяртаючыся да прысутных, Францішак даў некаторыя парады, якія тычацца жыцця і служэння іерархаў Касцёла. У першую чаргу ён падкрэсліў важнасць калегіяльнасці і братэртва паміж біскупамі. Паводле Святога Айца, кожны з іх павінен спытаць сябе: “як жыць духам калегіяльнасці і супрацоўніцтва ў епіскапаце? Як быць будаўніком адзінства ў Касцёле, які Пан мне даверыў?”. “Біскуп – гэта чалавек камуніі і адзінства, “бачная крыніца і падмурак еднасці”, - сказаў ён.

Галоўнай тэмай сустрэчы арганізаванай у Ватыкане была “постаць біскупа, як пастыра”. У сувязі з гэтым Францішак адзначыў, што “пасвіць” для біскупа азначае выконваць тры рэчы: прымаць з велікадушнасцю, крочыць са статкам і прабываць з ім.

Папа заклікаў іерархаў мець вялікае сэрца адкрытае для ўсіх. “Дзякуючы вашай дабрыні, вашай даступнасці, адчуюць бацькоўства Бога і зразумеюць, што Касцёл – гэта добрая маці, якая заўсёды прымае і любіць”, - сказаў Пантыфік.

Асаблівую ўвагу ён звярнуў на абавязкі біскупа у адносінах да святароў. “Сярод першых абавязкаў які вы маеце – духоўны клопат пра прэзбітэраў, але не забывайце аб чалавечых патрэбах кожнага святара, асабліва ў самыя дэлікатныя і важныя моманты іх служэння і жыцця. Час праведзены са святарамі – ніколі не згублены!”, - сказаў Папа і заклікаў біскупаў прымаць святароў, калі яны гэтага просяць, не пакідаць без адказу іх тэлефонныя званкі і быць у пастаянным кантакце з імі.

Таксама для біскупа важна прысутнасць сярод вернікаў. Францішак заклікаў быць пастырамі з “запахам авечак”, не закрывацца, выходзіць на перыферыі дыяцэзій і перыферыі існавання, “дзе ёсць пакуты, адзінота і чалавечая дэградацыя”.

Паводле Францішка стылем біскупа павінна быць пакора і сціпласць. “Мы, пастыры не з’яўляемся людзьмі з “княжацкай псіхалогіяй”, амбіцыйнымі (...) Будзьце уважлівымі, каб не трапіць у дух кар’ерызма”, - сказаў Папа.

Важным для біскупа, паводле яго, з’яўляецца таксама пастаянная прысутнасць у дыяцэзіі. “Старажытны закон рэзідэнцыі не выйшаў з моды!”, - сказаў ён і дадаў: “Глядзіце, рэзідэнцыя – гэта патрабаванне звязанае на толькі з добрым кіраваннем, гэта не функцыянальны элемент; ён мае тэалагічныя карані! Вы жаніхі вашай супольнасці, глыбока звязаныя з ёй! Я прашу вас, калі ласка, заставацца сярод вашага народу (...) Пазбягайце недаразумення быцця “біскупамі аэрапорта”!, – заклікаў Францішак.








All the contents on this site are copyrighted ©.