2013-09-17 14:48:24

Святар: Папа расказаў пра схаваную, некананізаваную святасць


RealAudioMP3 Папа Францішак добра ведае чалавечыя праблемы, а таксама праблемы святароў. Такога меркавання прытрымліваецца кс. Паўло Тамі, пробашч рымскай парафіі св. Пія Х, які 16 верасня прыняў удзел у сустрэчы з Пантыфікам, якая адбылася ў латэранскай базыліцы. Дзелячыся з Ватыканскім радыё ўражаннямі ад падзеі, святар адзначыў, што Папа здольны простымі і пакорнымі словамі даваць парады і натхняць на дзейнасць – здольны прамаўляць як пробашч. Кс. Тамі адзначыў, што Францішак жадае, каб святары не праводзілі большую частку часу ва “установах”, а былі сярод людзей. “Папа хоча гэтага і з’яўляецца адным з тых, хто паходзіць з гэтага. Святар павінен быць глыбока адкрытым і гэтай адкрытасцю вымяраецца яго душпастырсткі “поспех”, - лічыць ён.

Святар нагадаў, што Папа заклікаў адносіцца з міласэрнасцю да разведзеных людзей ці тых хто перажывае цяжкасці ў сужэнстве. “Што тычыцца сітуацыі разведзеных, Папа быў вялікім рэалістам і нават тут бачна яго душпастырскае натхненне. Ён сказаў “я не ведаю”. Папа, які кажа, што не ведае – гэта Папа, які адразу выклікае сімпатыю, бо не дае гатовую праўду. Ён сказаў: “не ведаю, як вырашыць праблему, аднак вырашым яе разам”. Ён паабяцаў нам, што падчас наступнага Сінода будзе разглядаць яе”, - расказаў кс. Тамі.

Падчас сустрэчы са святарамі Пантыфік адзначыў, што “святасць большая за скандалы” і падзяліўся, што некалькі дзён таму тэлефанаваў жанчыне, якая працуе прыбіральшчыцай у аэрапорце Буэнас-Айрэса. Яна адправіла ліст Святому Айцу, які назвала “просьбай” аб малітве за яе сына наркамана. Жанчына працуе, каб назбіраць грошы на яго лячэнне. “Ці гэта не святасць?”, - спытаў Папа і расказаў што паразмаўляў як з маці так і сынам. “Гэта асабліва узрушыла, таму што Папа казаў пра схаваную святасць, яшчэ не кананізаваную”, - адзначыў рымскі святар.








All the contents on this site are copyrighted ©.