2013-09-17 16:20:32

Ватыканскі іерарх: выкарыстоўваць атам у мірных мэтах


RealAudioMP3 Выкарыстоўваць атам у мірных, а не вайсковых мэтах. З такім заклікам звярнуўся да міжнароднай супольнасці арцыбіскуп Дамінік Мамбэрці. Прадстаўнік Апостальскай Сталіцы прымае ўдзел у 57-й сесіі генеральнай канферэнцыі Міжнароднага агенцтва па атамнай энергетыцы (МАГАТЭ), якая 16-21 верасня праходзіць у Вене. Паводле іерарха, атамная зброя не павінна сёння быць гарантыяй міру на планеце і варта даць новы імпульс працэсу атамнага разбраення.

Арцыбіскуп Мамбэрці выказаў “глыбокую заклапочанасць Апостальскай Сталіцы з-за нядаўніх трагічных падзей на Блізкім Усходзе”. Ён пацвердзіў рашучую падтрымку Апостальскай Сталіцы намаганням па стварэнні ў гэтым рэгіёне зон, свабодных ад атамнай зброі і ад усіх відаў зброі масавага знішчэння. “Зоны свабодныя ад атамнай зброі з’яўляюцца лепшым прыкладам даверу і бяспекі і пацвярджэннем таго, што мір і бяспека магчымыя без валодання атамнай зброяй”,- сказаў ватыканскі іерарх.

Арцыбіскуп Мамбэрці звярнуў увагу на перамовы, якія вядуцца адносна атамнай праграмы ў Іране. Апостальская Сталіца пераканана, што “цяперашнія цяжкасці могуць і павінны быць пераадолены шляхам дыпламатычных каналаў, праз выкарыстанне ўсіх сродкаў, якія знаходзяцца ў распараджэнні дыпламатыі”, каб такім чынам пераадолець бар’еры, якія “перашкаджаюць ўзаемнаму даверу”.








All the contents on this site are copyrighted ©.