2013-09-15 13:34:00

Папа перад “Анёл Панскі”: толькі Божая справядлівасць можа нас збавіць (поўны тэкст)


RealAudioMP3 Толькі Божая справядлівасць можа нас збавіць! Справядлівасць Бога праяўляецца ў Крыжы: Крыж – гэта справядлівасць Божая над усімі намі і над гэтым светам. На гэта звярнуў увагу папа Францішак перад малітвай “Анёл Панскі” на плошчы св. Пятра 15 верасня. Святы Айцец звярнуўся да вернікаў з кароткім разважаннем прысвечаным нядзельнаму Евангеллю. Ён заклікаў, каб мы не жылі па закону “вока за вока, зуб за зуб”, бо ніколі не выйдзем са спіралі зла. Нячысцік падступны і ўводзіць нас у зман абяцаючы, што з нашай чалавечай справядлівасцю мы зможам збавіць сябе і свет. “Дарагія браты і сёстры, – сказаў Папа – У сённяшняй літургіі чытаецца фрагмент з 15 раздзелу святога Евангелля паводле Лукі, у якім змяшчаюцца тры прыпавесці аб міласэрнасці: аб загубленай авечцы, страчанай драхме, і затым адна з самых доўгіх прыпавесцяў, тыповых для святога Лукі, пра бацьку і двух яго сынах, пра “блуднага” сына і сына, які лічыцца справядлівым, які верыць, што святы. Усе гэтыя тры прыпавесці кажуць пра радасць Бога: Бог – гэта радасць. Але што з'яўляецца радасцю Бога ? Радасцю Бога з’яўляецца прабачэнне. Гэта радасць пастыра, які знаходзіць сваю авечку; радасць жанчыны, якая знаходзіць сваю манету; радасць бацькі, які прымае дома сына, які загінуў, быў мёртвым і вярнуўся да жыцця, вярнуўся да хаты. Тут увесь змест Евангелля, усяго хрысціянства! Але паглядзіце, гэта не пачуццё, гэта не ідэалізаване “дабра”. Наадварот, міласэрнасць з’яўляецца сапраўднай сілай, якая можа збавіць чалавека і свет ад “рака”, якім з’яўляецца грэх, маральнае і духоўнае зло. Толькі любоў запаўняе пустэчу, негатыўныя прорвы, якія зло адкрывае ў сэрцах людзей і гісторыі. Толькі любоў можа рабіць гэта, і гэта з’яўляецца радасцю Бога!

Езус – гэта ўся міласэрнасць, Езус уся любоў: Ён Бог, які стаў чалавекам. Кожны з нас з’яўляецца той загінуўшай авечкай, згубленай драхмай; кожны з нас з’яўляецца тым сынам, які страціў сваю свабоду ідучы за ілжывымі ідаламі, за ілюзіяй шчасця і страціў усё. Але Бог не забывае пра нас, Нябесны Айцец ніколі не пакідае нас. Гэта цярплівы бацька: заўсёды чакае нас! Паважае нашу свабоду, але застаецца заўсёды верным. І калі мы вернемся да Яго, прыме нас як сыноў у сваім доме, таму што Ён ніколі не спыняецца, нават на момант, чакаць на нас з любоўю. Яго сэрца радуецца кожнаму дзіцяці, якое вяртаецца. Ён святкуе з радасці. Бог радуецца, калі адзін за нас грэшнікаў прыйдзе да Яго і папросіць у Яго прабачэння.

У чым небяспека? У тым, што мы лічым сябе спрывядлівымі і асуджаем іншых. Мы асуджаем таксама Бога, таму што думаем, што Ён павінен караць грэшнікаў, прыгаворваць іх на смерць, замест таго, каб дараваць ім. Таму мы знаходзімся ў небяспецы, што можам апынуцца па-за домам Айца. Як той старэйшы брат у прыпавесці, які замест радавацца з таго, што вярнуўся яго брат, ён злуецца на свайго бацьку, які прыняў яго і святкуе. Калі ў нашым сэрцы няма міласэрнасці, радасці прабачэння, мы не знаходзімся ў камуніі з Богам, нават калі будзем выконваць усе запаведзі, таму што менавіта гэта любоў збаўляе, а не толькі выконванне запаведзяў. Толькі любоў да Бога і бліжняга дае ўпэўненасць у выкананні ўсіх запаведзяў. Прабачаць: гэта любоў Бога, Яго радасць. Ён заўсёды чакае нас! Ён бацька: заўсёды чакае нас!

Калі мы жывём паводле закону “вока за вока, зуб за зуб”, мы ніколі не выйдзем са спіралі зла. Нячысцік падступны і ўводзіць нас у зман абяцаючы, што з мы зможам збавіць сябе і свет нашай чалавечай справядлівасцю. На самой справе толькі Божая справядлівасць можа нас збавіць! Але Божая справядлівасць праяўляецца на Крыжы: Крыж – гэта справядлівасць Божая над усімі намі і над гэтым светам. Але як Бог судзіць нас? Аддаючы сваю жыццё за нас! Вось найвышэйшы акт справядлівасці, які перамог раз на заўсёды князя гэтага свету. Гэтым актам найвышэйшай справядлівасці з’яўляецца таксама міласэрнасць. Езус заклікае ўсіх нас ісці гэтым шляхам: “Будзьце міласэрнымі,
як і Айцец ваш міласэрны” (Лк 6,36). А зараз прашу ў вас адной рэчы. Няхай кожны падумае аб асобе, з якой не жыве добра, на якую злуецца, якой не жадае дабра. Падумаем аб гэтай асобе, і ў гэты момант, у маўчанні, памолімся за яе і такім чынам станем міласэрнымі. Зараз папросім заступніцтва Найсвяцейшай Панны Марыі, Маці Міласэрнасці”.

Пасля марыйнай малітвы “Анёл Панскі” Святы Аццец прывітаў розныя групы пілінрымаў, якія былі прысутныя на плошчы св. Пятра. Папа нагадаў, што 14 верасня да хвалы алтароў быў паднесены аргентынскі святар Хасэ Габрыэль Брачэра – адданы місіянер і сябра бедных. Францішак таксама ўзгадаў, што 15 верасня ў італьянскім Турыне, завершыўся Сацыяльны тыдзень італьянскіх католікаў. На канец Святы Айцец прывітаў сем’і, і моладзь, асабліва дзяцей з італьянскага гораду Трэнта, якія падрыхтоўваюцца да прыняцця Першай Камуніі.

Я. Мойсік







All the contents on this site are copyrighted ©.