2013-09-13 11:36:35

Кс. Ламбардзі: з Францішкам Касцёл следуе закліку “плыць на глыбіню”


RealAudioMP3 З папам Францішкам Касцёл следуе заданню, аб якім Ян Павел ІІ казаў на пачатку трэццяга тысячагоддзя – “плыць на глыбіню”. Такога меркавання прытрымліваецца кс. Фэдэрыка Ламбардзі, кіраўнік Залы Друку Апостальскай Сталіцы. У інтэрв’ю Ватыканскаму радыё 13 верасня ён падзяліўся сваімі думкамі адносна мінулых 6 месяцаў пантыфікату Францішка. Езуіт вылучыў тры, на яго думку самыя яскравыя аспекты, якія характарызуюць дзейнасць Святога Айца. Па-першае абранне імя, якое раней ніколі не выкарыстоўвалася Рымскімі Пантыфікамі. Паводле кс. Ламбардзі, Папа яскрава сведчыць аб некаторых фундаментальных рысах характэрных для асобы св. Фрацнішка Асізскага: увазе да бедных і клопаце пра мір.

Другім аспектам пантыфікату ён назваў канец еўрацэнтрызма Касцёла, які асабліва праявіўся падчас Сусветных дзён моладзі ў Рыа-дэ-Жанейра. Езуіт падкрэліў, што кожны Папа быў “паўсюдным” і меў у сэрцы увесь свет, але абранне на пасад св. Пятра чалавека з іншага кантынента, без сумніваў, ідзе на карысць Касцёлу – спрыяе яго ўнутранаму ўзбагачэнню.

Трэцім пунткам, на які звярнуў увагу кіраўнік Залы Друку, з’яўляецца місійнасць. “Папа Францішак шмат кажа аб Касцёле несамадастатковым, Касцёле місійным, Касцёле, які глядзіць па-за сябе на ўвесь свет. (...) Мне здаецца, што з папам Францішкам Касцёл з рашучасцю і без страху плыве на глыбіню, і нават радаючыся магчымасці сустрэць таямніцу Бога на новых гарызонтах”, - адзначыў езуіт.

Паводле кс. Ламбардзі, рэформы якія задумаў папа Францішак, у прытванасці тыя, якія тычацца касцёльных структураў, маюць на мэце зрабіць Касцёл бліжэй да чалавецтва, асабліва да чалавецтва пакутуючага і маючага патрэбу ў тым, каб бачыць любоў Божую. “Гэтага я думаю, мы можам і павінны чакаць ад многіх жэстаў, многіх рашэнняў”, - сказаў ён.








All the contents on this site are copyrighted ©.