2013-09-12 12:45:04

Кардынал Равазі пра ліст Папы дырэктару “La Repubblica”


RealAudioMP3 Ліст папы Францішка да дырэктара італьянскага выдання “La Repubblica” Эўджэніа Скальфары, апублікаваны на старонках гэтай газеты 11 верасня, указвае ў першую чаргу на важнасць дыялога паміж веруючымі і няверуючымі. На гэта звярнуў увагу старшыня Папскай рады па культуры кардынал Джанфранка Равазі. У інтэрв’ю Ватыканскаму радыё пурпурат засяродзіўся на некаторых, на яго думку, самых значных частках разважання Пантыфіка. У першую чаргу ён пагадзіўся, што “дыялог з няверуючымі не з’яўляецца дадатковым заданнем у жыцці таго, хто верыць”, але першасным, як напісаў Папа. “Гэта магчыма самая моцная заява”, - сказаў кардынал.

Паводле яго, іншым моцным выказваннем Папы з’яўляюцца словы: “веруючы чалавек не высакамерны, а пакорны”, а таксама прадстаўленне веры ў якасці святла, а не таямнічай цемры ў якой яе абвінавачваюць на працягу апошніх стагоддзяў.

Пурпурат адзначыў важнасць выказвання Пантыфіка аб тым, што без Касцёла немагчыма сустрэць Езуса. Ён нагадаў, што ідэнтычнасць верніка гатовага да дыялогу “павінна быць як мага больш поўнай і багатай” і грунтавацца на моцнай веры ў асобу Езуса Хрыста.

Папа ўказаў на тое, што Хрыстус прысутны менавіта ў Касцёле – “ён фундаментальна неабодны для сэрца хрысціянскага паслання, якім з’яўляецца Уцелаўленне”. “Таму, вера – гэта не проста унутранае, духоўнае, містычнае і суб’ектыўнае членства”, - сказаў кардынал Равазі і дадаў, што вера ў Касцёл і Хрыста – фундаментальныя элементы для пачатку дыялога з тымі, хто хоча пазнаць дадзены гарызонт.

Гаворачы пра разважанне Пантыфіка аб пошуку абсалютнай праўды, пурпурат адзначыў, што для верніка яна з’яўляецца бясконцым гарызонтам да якога крочым ці “морам у якое уваходзіш і плывеш”. “У гэтым святле, я думаю што выраз “праўда не абсалютна”, але асабістая і міжасабовая, вельмі плённы для дыялога, пры якім не губляецца яе аб’ектыўнае вымярэнне, ідэнтычнасць ў самой сябе, тыповая для праўды”, – сказаў кардынал Равазі.








All the contents on this site are copyrighted ©.