2013-09-11 12:28:19

Папа адказаў дырэктару італьянскай “La Repubblica” на пытанні аб веры


RealAudioMP3 Папа Францішак адказаў дырэктару італьянскага выдання “La Repubblica” Эўджэніа Скальфары на некаторыя пытанні адносна хрысціянскай веры, асобы Езуса Хрыста, прабачэння грахоў няверуючых, розніцы паміж хрысціянствам і іншымі рэлігіямі, энцыклікі “Lumen fidei”, якія апошні скіраваў да Пантыфіка ў сваёй асабістай рубрыцы ў ліпені і жніўні 2013 г. Доўгі ліст Святога Айца быў апублікаваны цалкам на старонках газеты 11 верасня. “Мне здаецца што добра, не толькі для нас асабіста, але для грамадства ў якім жывём, спыніцца і паразмаляць аб такой важнай рэальнасці як вера”, - напісаў Папа і дадаў, што шчыры дыялог “не з’яўляецца другасным элементам для хрысціяніна: а наадварот – унутраным і істотным”.

Паводле Святога Айца, вера не бескампрамісная, але ўзрастае пры павазе да іншых. “Хрысціянін не высакамерны: наадварот, праўда робіць яго пакорным, праз усведамленне, што не мы валодаем праўдай, але яна нас ахоплівае і авалодвае намі”, - сказаў Святы Айцец і дадаў, што моцная вера дае магчымасць сведчыць аб ёй і весці дыялог з усімі.

Пантыфік падзяліўся ўласным досведам знаёмства з верай: яна нарадзілася ў ім дзякуючы “сустрэчы з Хрыстом, які дакрануўся да сэрца і даў накірунак, новы сэнс жыццю”. “Але адначасова гэта сустрэча стала магчыма дзякуючы супольнасці веры ў якой я жыў”, - сказаў Папа і дадаў, што “без Касцёла не мог бы сустрэць Езуса”.

Паводле Папы, уваскрасенне было патрэбна не проста, “каб трыумфаваць над тымі, хто адкінуў Езуса, але каб пацвердзіць, што любоў Божая мацнейшая за смерць, прабачэнне – мацней за кожны грэх, і што варта патраціць жыццё, аж да канца, каб сведчыць аб гэтым невымерным дары”. Пантыфік адзначыў, што кожны чалавек пакліканы “зрабіць уласным позірк Езуса” і Яго выбар любові, “увайсці ў Яго спосаб быцця, мыслення і дзеяння”.
Паводле Францішка, Касцёл, “нягледзячы на ўсю сваю павольнасць, нявернасць, памылкі і грахі, якія мог учыніць і можа яшчэ ўчыніць праз тых, якія яго складаюць, не мае іншага сэнсу і мэты, акрамя таго, каб жыць і сведчыць аб Хрысце”.








All the contents on this site are copyrighted ©.