2013-09-10 11:46:14

Францішак: верыць без страху, сораму і трыумфалізма


RealAudioMP3 Хрысціяне пакліканы абвяшчаць Езуса без страху, сораму і трыумфалізма, адзначыў папа Францішак падчас ранішняй св. Імшы 10 верасня. У сваёй гаміліі Пантыфік звярнуў увагу на небяспеку быцця “хрысціянамі без уваскрасення” і заклікаў, каб Хрыстус быў цэнтрам і крыніцай надзеі ў нашым жыцці. Святы Айцец падкрэсліў важнасць веры ва ўваскрасенне Хрыста, якое не проста зразумець. Папа нагадаў, што калі св. Павел звяртаўся да грэкаў у Афінах яны з цікавасцю яго слухалі да таго моманту пакуль ён не пачаў апавядаць пра ўваскрасенне. Паводле Францішка, такое стаўленне актуальна таксама сёння. “Ёсць шмат хрысціян без уваскрасення, хрысціян без Уваскрослага Хрыста: яны суправаджалі Езуса аж да магілы, плакалі, вельмі яго любілі, але толькі да гэтай кропкі. Думаючы пра паводзіны хрысціян без Уваскрослага Хрыста, я вылучыў тры тыпы, але іх больш: баязліўцы, хрысціяне баязліўцы; сарамлівыя, тыя хто маюць сорам; і трыумфалісты. Гэтыя тры не сустрэліся з Уваскросклым Хрыстом”, - сказаў Пантыфік.

Францішка патлумачыў, што хрысціяне баязліўцы нават “баяцца думаць пра Уваскрасенне”. Сарамлівыя хрысціяне – не адважваюцца апавядаць пра Уваскрасенне Хрыста ў гэтым свеце, які “вельмі прасунуты ў навуцы”. Хрысціяне-трыумфалісты – у глыбіні душы не вераць ва Уваскрослага, а хочуць самі зрабіць яго ўваскрасенне больш велічным, чым сапраўднае. Паводле Святога Айца, гэты трыумфалізм праяўляецца ў паводзінах, прамовах, душпастырскай і літургічнай дзеянасці хрысціян, якія не маюць вялікай веры. Папа заклікаў памятаць, што трэба верыць без страху і трыумфалізма, проста гледзячы на Уваскрослага Хрыста і Яго прыгажосць, і памятаючы, што Ён поўня і надзея.

Пантыфік нагадаў, што сённяшняе Евангелле апавядае пра натоўпы хворых людзей, якія хацелі дакрануцца да Хрыста, бо “з яго выходзіла сіла, якая аздараўляла ўсіх”. “Пойдзем да Яго і дазволім Яму, як гэтыя хворыя, дакрануцца да нас сваёй сілай”, - заклікаў Францішак.








All the contents on this site are copyrighted ©.