2013-09-10 14:49:21

Праца і моладзь – галоўныя тэмы візіту Папы на Сардзінію


RealAudioMP3 Галоўнымі тэмамі візіта Святога Айца на Сардзінію будуць праца і моладзь. Пра гэта расказаў арцыбіскуп Кальяры Аррыго Мільё. Іерарх падкрэсліў, што гэтыя тэмы Францішак выбраў сам. 10 верасня ён пазнаёміў журналістаў з праграмай візіта Пантыфіка. Папа прыбудзе на востраў раніцай 22 верасня на самалёце. У аэрапорце яго прывітаюць найвышэйшыя прадстаўнікі мясцовай касцёльнай і свецкай улады. Затым ён накіруецца ў санктуарый Маці Божай з Банарыё. Тут Францішак узначаліць св. Імшу і марыйную малітву “Анёл Панскі”. Паводле арцыбіскупа Мільё, у літургіі прымуць удзел больш за 80 тыс. вернікаў. Пасля Эўхарыстыі прадугледжаны абед з мясцовымі біскупамі.

У праграму візіта Пантыфіка ўключана таксама сустрэча з беднымі, аб якіх клапоціцца мясцовае аддзяленне “Caritas”, вязнямі і групай цыган, якая пройдзе ў катэдральным касцёле Кальяры. Акрамя таго, Папа сустрэнецца з прадстаўнікамі свету культуры на тэалагічным факультэце мясцовага універсітэта. Заканчэннем візіта стане сустрэча з моладзю на плошчы перад мясцовым портам, на якой чакаецца больш за 50 тыс. маладых людзей.








All the contents on this site are copyrighted ©.